Ужо паўтара месяца ў школе № 36 з польскай мовай навучання ў Гродне адкрыты беларускамоўны першы клас. 17 дзяцей, якім не хапіла месца ў двух польскамоўных класах, пачалі вучыцца там. Гарадскія ўлады на просьбу 29 бацькоў стварыць яшчэ адзін польскі клас прапанавалі пачакаць, пакуль вызваляцца месцы пры наступным навучанні. У далейшай барацьбе бацькі не бачаць сэнсу.

Сын Івана (імя зменена па просьбе героя, так як пасля збору подпісаў за польскі клас яго дадзеныя з’явіліся ў каналах, блізкіх да ўлады, і ён баіцца паўтарэння сітуацыі — Hrodna.life) — адзін з 17 дзяцей, хто вымушаны быў пайсці ў беларускамоўны першы клас. Далей размаўляць з уладамі бацькі не плануюць.

— Не бачу ў гэтым сэнсу, так як папярэдняя камунікацыя з аддзелам адукацыі ні да чаго не прывяла. Гэта вырашанае пытанне, — пракаментаваў Іван Hrodna.life. Падобнае меркаванне, наколькі вядома Івану, і ў іншых бацькоў.

Паводле яго слоў, нічога дрэннага ў навучанні на беларускай мове ў Беларусі ён не бачыць. «Але ёсць пытанні да падыходу, чаму загадзя не было інфармацыі пра гэтыя змены», — задаецца ён пытаннем. Па чутках, якія ходзяць сярод бацькоў, польскай мовы можа стаць менш і ў іншых класах.

У чым праблема?

У новым навучальным годзе ў гродзенскай «польскай школе» (СШ № 36) упершыню адкрылі першы клас з беларускай мовай навучання. Усе прадметы там павінны выкладацца па-беларуску. Польская мова стане прадметам з паглыбленым вывучэннем.

Раней усе прадметы ва ўсіх класах гэтай школы, прынамсі фармальна, выкладаліся па-польску. Бацькі першакласнікаў збіралі подпісы за яшчэ адзін польскамоўны першы клас.

29 бацькам адмовілі

Бацькі штогод стаяць у чэргах, каб падаць дакументы менавіта ў гэтую школу. У 2021 годзе дакументы ў польскія першыя класы прынялі ад 60 бацькоў. 29 бацькам адмовілі і прапанавалі альбо пашукаць іншыя школы, альбо запісацца ў беларускамоўны клас, паведамляў сайт znadniemna.pl. У выніку ў беларускамоўным першым класе вучацца 17 дзяцей.

 — Запісваліся ў польскі клас, бо хацелі, каб сын навучаўся на польскай мове. У гэтым класе можна вучыць таксама беларускую і рускую мовы. Добрае веданне польскай мовы дае дадатковыя магчымасці, зыходзячы з геаграфічнага размяшчэння нашага горада. Прычынай было і тое, што старэйшае дзіця вучыцца ў гэтай школе, — распавёў Іван Hrodna.life аб выбары школы.

Ці атрымаецца перавесціся?

Бацькі, якія напісалі заяву ў беларускі клас, разлічваюць, што пасля пачатку навучальнага года гэты клас будзе закрыты з-за невялікай цікавасці, а іх дзеці будуць вучыцца на польскай, распавядаў летам znadniemna. pl адзін з бацькоў, якія збіралі подпісы. Тое ж ім прапанавалі ў гарвыканкаме ў адказе на збор подпісаў. «Кожны школьны год, пачынаючы з другога класа і ў старэйшых класах, час ад часу з’яўляюцца вольныя месцы, бо іх вучні пераходзяць у іншыя школы», — працытаваў адказ znadniemna.pl.

— Усе класы ўкамплектаваныя, гэта [магчыма], калі толькі дзяцей стане менш у польскіх класах. Але не трэба забываць пра стрэс для дзяцей, ад змены настаўніка і аднакласнікаў, — сумняваецца ў гэтай ідэі Іван.

Бацькі раней казалі, што адмова прыняць кагосьці ў першы клас з польскай мовай навучання перакрэслівае ўсе магчымасці для рэалізацыі дзіцем свайго канстытуцыйнага права на навучанне на роднай мове. Гарадскія ўлады ж распавядалі пра «нездаровы ажыятаж» вакол сітуацыі і нежаданне «за дзяржаўны кошт рыхтаваць будучыя кадры для іншай краіны».