Стары замак у Гродне адкрыюць для наведвальнікаў у пачатку лістапада, паведаміў 12 кастрычніка на сустрэчы са студэнтамі Гродзенскага дзяржаўнага медуніверсітэта старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, піша БЕЛТА. Гэта трэці перанос адкрыцця замка.

«Наперадзе яшчэ нямала працы. Зараз завяршаецца адзін з этапаў, у пачатку лістапада адрэстаўраваная частка замка будзе адкрытая для наведвальнікаў», — адзначыў Уладзімір Каранік.

Гасцей прыме абноўленая музейная экспазіцыя з інтэрактыўнымі зонамі, якая раскажа пра гісторыю замка і Гродзеншчыны.

У абноўленым гісторыка-археалагічным музеі ў Старым замку з’явіцца майстэрня друкара са зробленым адмыслова для яе друкарскім станком. Таксама ў межах праекта рэканструявалі гравюру Тамаша Макоўскага 1600 года. На яе арыентаваліся аўтары рэканструкцыі Старога замка.

Першапачаткова кіраўніцтва музея абяцала адкрыць замак у чэрвені, потым — у жніўні і канцы верасня. Па папярэдніх прагнозах дырэктара музея Юры Кітурка, рэканструкцыя будзе доўжыцца яшчэ не менш за шэсць гадоў.

Чытайце таксама: