36-гадовага гродзенца затрымалі на беларуска-польскай мяжы. Паводле звестак следства, са жніўня 2020 да траўня 2021 года ён размяшчаў у Telegram каментары з абразамі прадстаўнікоў улады, паведамляе Следчы камітэт.

13 фактаў, за якія крымінальна караюць, выявілі праваахоўнікі. Усе каментары ўтрымлівалі негатыўную ацэнку, былі выяўленыя ў непрыстойнай форме і мелі ненарматыўную форму маўленчага выказвання, піша СК.

Падчас ператрусу па месцы жыхарства мужчыны выявілі гумовую дубінку, дымавыя шашкі, пярцовыя балончыкі, петарды, газавыя балоны. Паводле версіі СК, мужчына вырабіў выбухованебяспечны прадмет.

Мужчына віну не прызнаў. Яму прад’явілі абвінавачванне па некалькіх артыкулах:

  • ч.1 арт. 368 КК «Публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»;
  • арт. 369 КК «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»;
  • арт. 391 КК «Абраза суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя»;
  • ч. 1 арт. 295−3 КК «Незаконныя выраб, захоўванне, перавозка прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых сродкаў».

Раней гродзенец прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за здзяйсненне злачынства супраць уласнасці. У яго чацвёра дзяцей. Спачатку мужчыну не заключалі пад варту. Па версіі следчых, ён вырашыў схавацца і бегчы ў Польшчу. Там яго затрымалі і заключылі пад варту.

Гродзенца затрымалі за каментары. Яго будуць судзіць па чатырох крымінальных артыкулах
Рэчы, знойдзеныя пры ператрусе. Фота: СК