За «цынічныя надпісы» на прыпынках гродзенца асудзілі на паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, паведаміла пракуратура Гродна. Рашэнне вынес суд Кастрычніцкага раёна Гродна.

47-гадовы мужчына ў верасні-кастрычніку 2020 года размаляваў прыпынкі ў горадзе цынічнымі надпісамі, у тым ліку тымі, якія ўтрымлівалі абразы прэзідэнта. На той момант ён працаваў кіроўцам у аўтобусным парку.

Мужчыну судзілі паводле арт. 341 КК «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці» і ч. 1 арт. 368 КК «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Ён прызнаў віну і раскаяўся. Таксама ён у поўным аб’ёме пакрыў прычыненую маёмасную шкоду — 660 рублёў.

Пасля падобных падзей на год калоніі асудзілі Віктара Царыкевіча — жыхара Мастоў. Мужчыну абвінавачвалі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за правядзенне серый «цынічных акцый» у верасні-кастрычніку 2020 года: размалёўванне прыпынкаў у Мастоўскім раёне, нанясенне на дрэвы БЧБ-сцягоў, развешванне на іх пудзілаў у міліцэйскай форме і размяшчэнне таблічак у выглядзе рытуальных надмагілляў, а таксама труны з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі. 22 жніўня 2021 года Віктар выйшаў на волю, адбыўшы ўвесь тэрмін пакарання, паведамляе «Вясна».