Толькі 23% ад запланаваных невыкарыстоўваемых або неэфектыўна выкарыстоўваемых аб’ектаў дзяржаўнай нерухомасці ў Гродзенскай вобласці ўцягнулі ў гаспадарчы абарот за 2021 год. Гэта 77 аб’ектаў з прадугледжаных каляндарным графікам 337, распавялі на пасяджэнні калегіі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці.

Што тычыцца маёмасці ў абласной уласнасці, у абарот уцягнулі толькі тры аб’екты з дзесяці. Гэта «ставіць пад сумнеў выкананне даведзенага каляндарнага графіка», лічаць у КДК.

Як дзяржмаёмасць спрабуюць увесці ў абарот?

Сярод інструментаў:

  • продаж аб’ектаў за адну базавую велічыню,
  • перадача іх у бязвыплатнае карыстанне,
  • здача ў арэнду,
  • выкарыстанне ва ўласных мэтах.

У якіх раёнах не ўдалося прадаць нічога?

Не ўсе інструменты ўвядзення нерухомасці ў абарот прымяняюцца аднолькава часта, зазначаюць у КДК. Напрыклад, за кошт продажу не ўдалося ўцягнуць у гаспадарчы абарот ні адзін з запланаваных аб’ектаў у Бераставіцкім, Дзятлаўскім, Іўеўскім і Карэліцкім раёнах.

Як сітуацыю выправіць?

Займацца праблемай будуць мясцовыя ўлады. Яны павінны ліквідаваць выяўленыя парушэнні і скараціць колькасць нявыкарыстаных плошчаў.

Чытайце таксама: