Некалькі будынкаў былой вайсковай часткі на Фолюшы спрабавалі прадаць з аўкцыёну 11 кастрычніка. Іх маглі рэканструяваць пад аб’екты грамадска-дзелавога прызначэння. Аўкцыён у той дзень не прызначылі, паведамілі карэспандэнтцы Hrodna.life у камітэце «Гроднааблмаёмасць». Гэта значыць, што заявак на лоты не паступіла.

Што спрабавалі прадаць:

  • Будынкі двух штабоў і каманднага пункта і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 1, 9056 га па вул. Яснапольская, 12, 12/1, 12/2 — 2 864 198 рублёў;
  • Будынкі штаба з падвалам і склада з рампай, падвалам і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0, 4250 га па вул. Яснапольская, 12Ж, 12Ж/1 — 399 051 рубель;
  • Будынак спартзалы з хлявом і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,2268 га па вул. Яснапольская, 12Д — 202 893 рублі;
  • Нежылы будынак і права заключэння дагавора арэнды зямельнага ўчастка плошчай 0,2901 га па вул. Фолюш, 15/17 — 188 376 рублёў.
У Гродне з аўкцыёну паспрабавалі прадаць вайсковыя штабы на Фолюшы. Няўдала
Вул. Яснапольская ў Гродне. Фота: Яндекс. Карты

Што там магло з’явіцца?

Аб’екты прадаваліся з умовай іх рэканструкцыі пад аб’ект грамадска-дзелавога прызначэння. Пакупнік павінен быў на працягу года распрацаваць праектную дакументацыю на рэканструкцыю або капітальны рамонт. За тры гады — увесці будынак ў эксплуатацыю. Што тычыцца двухпавярховага будынка 1916 года пабудовы па вул. Фолюш, 15/17, трэба было захаваць параметры будынка, яго канструктыўныя, архітэктурныя і стылістычныя асаблівасці і элементы.

Аб’екты знаходзяцца ў водаахоўнай зоне ракі і зоне санітарнай аховы воднага аб’екта, які выкарыстоўваецца для гаспадарча-пітнога водазабеспячэння. Тэрмін арэнды зямельных участкаў - 10 гадоў.

Пры гэтым да снежня 2021 года ў былым спартзале будзе размяшчацца часовы праваслаўны храм.

Трансфармацыя Фолюша

Ужо ў канцы 2021 года паміж Ласасянкай і вуліцай Фолюш павінны пачаць будаваць новы мікрараён са школай, дзіцячым садам, паліклінікай і двума паркамі.

Будаваць будзе «Гроднажылбуд». Плошча будучага мікрараёна — 85 га, з іх пад жыллё пойдзе 30 га. Па плане там пабудуюць 13 шматкватэрных дамоў. Паводле ўдакладненых разлікаў, там паселяць 5350 чалавек. Максімальная вышыня — 16 паверхаў. Больш падрабязную інфармацыю пра мікрараён Hrodna.life распавядаў ніжэй.

Чытайце таксама: