Андрэй Колас з Ваўкавыска з’ехаў у Польшчу пасля дзесяці сутак адміністрацыйнага арышту. Паводле яго слоў, ён вернецца ў Беларусь «няхутка, а можа быць, і вельмі няхутка». Пра гэта ён распавёў у Facebook.

— Нарэшце атрымаў доступ да пошты і сацыяльных сетак. Трохі супакоіўся. Я ў бяспецы. Хачу яшчэ раз выказаць удзячнасць за падтрымку. Я быў ашаломлены колькасцю паведамленняў, званкоў і пастоў. Дзякуй за перадачы валанцёраў. Гэта было нечакана і прыемна, праз 4 сутак атрымаць пячэнькі і выпіць чайку, а не кіпеню. Дзякуй усім, хто падтрымаў маіх сваякоў. Дзякуй усім сябрам. Дзякуй усім былым студэнтам, я ганаруся вамі. Дзякуй сябрам, якія сустрэлі на чужыне, — напісаў Андрэй.

Пра затрыманне і адбыванне арышту ў ізалятары часовага ўтрымання Андрэй паабяцаў распавесці, «калі адновяцца нервовыя клеткі».

Андрэй распавёў пра перасячэнне польскай мяжы. Па яго словах, ён прадставіўся «палітычным» бежанцам. Памежнік прапанаваў яму юрыдычную і матэрыяльную дапамогу і ўдакладніў, ці ёсць у яго грошы і месца для жыхарства. У маршрутцы, па словах Андрэя, ён упершыню за два тыдні «па-сапраўднаму» заснуў. Андрэй разумее, што ў Беларусь «вернецца няхутка, а можа быць, і вельмі няхутка».

Карэспандэнтка Hrodna.life спрабавала звязацца з Андрэем, але ён пакуль не адказаў.


27 верасня ў дом гісторыка і выкладчыка курсаў «Мова Нанова» ў Ваўкавыску Андрэя Коласа прыйшлі сямёра сілавікоў са шчытамі і зброяй. Пра гэта «Еўрарадыё» паведамілі яго сябры. Фармальная нагода для візіту — праверка паляўнічай зброі. Яго затрымалі і асудзілі на дзесяць сутак адміністрацыйнага арышту.

У Ваўкавыску Андрэя Коласа ведаюць як «чалавека, які выпусціў з педкаледжа сотні юных патрыётаў». Ён выкладаў ім гісторыю і культуру Беларусі на роднай мове. Таксама гісторык шмат гадоў прапрацаваў дырэктарам турыстычнай кампаніі, якая стварыла музей беларускай шляхты, паведамілі «Еўрарадыё». Андрэй Колас быў дырэктарам праекта па аднаўленні сядзібы ў Падароску.

Чытайце таксама: