Палітвязні Дзмітрый фурманаў і Дзяніс Івашын патрапілі ў карцэры. Візажыстку з Гродна шукае Інтэрпол. Музыкам з гурта Irdorath працягнулі тэрмін утрымання пад вартай. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 4 па 10 кастрычніка.

Перайменаванне школ

У Гродзенскай вобласці ўстановам адукацыі вырашылі прысвоіць імёны людзей, якія зрабілі значны ўнёсак у гісторыю Беларусі. Падобная традыцыя існуе ў Польшчы. На працягу навучальнага года школы, ліцэі і іншыя агульнаадукацыйныя ўстановы будуць шукаць інфармацыю, рыхтаваць праекты і музейныя экспазіцыі, прысвечаныя канкрэтным асобам. Ініцыятарамі новаўвядзення сталі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый.

Фурманаў у карцэры

З 3 верасня палітвязень з Гродна Дзмітрый Фурманаў знаходзіцца ў карцэры ПК № 3 у гарадскім пасёлку Віцьба. Ён павінен выйсці адтуль 10 кастрычніка. За гэты час бацькі не атрымалі ад яго ніводнага ліста і званка. Бацька Дзмітрыя Аляксандр 8 кастрычніка з’ездзіў на сустрэчу ў турму і спытаў, за якія парушэнні ён там знаходзіцца.

Візажыстку з Гродна шукае Інтэрпол

Ураджэнку Гродна Кацярыну Рышкевіч абвясцілі ў міжнародны вышук. Дзяўчыне 31 год, яна працуе візажысткай і вядзе блог на YouTube. У базу вышуку Інтэрпала Кацярыну дадалі па запыце Польшчы. Паведамляецца, што дзяўчына можа быць датычная да адмывання даходаў ад злачыннай дзейнасці і ўдзелу ў злачыннай арганізацыі.

Візажыстку з Гродна шукае Інтэрпал
Рышкевіч Кацярына ў базе Інтэрпола

Новы закон «Аб турызме»

Палата прадстаўнікоў 4 кастрычніка прыняла новы праект закона «Аб турызме». Асноўныя новаўвядзенні тычацца абавязковай атэстацыі экскурсаводаў і фінансавай адказнасці тураператараў перад турыстамі.

Івашын — трэці раз у карцэры

Пяць сутак палітвязень журналіст Дзяніс Івашын правёў у карцэры. Цяпер ён на карантыне.

«Нарэшце Дзяніса вызвалілі з карцару, цяпер ён хаця б зможа сугравацца дадатковай вопраткай, коўдрай або нават гарачай гарбатай пры наяўнасці ў кагосьці кіпяцільніка», — напісала у Facebook яго жонка Вольга. Таксама Вольга напісала, што, верагодна, у турме № 1 Гродна дагэтуль не ўключылі атапленне.

Здымкі гродзенскага фатографа ў сталіцы Бразіліі

У горадзе Бразіліа з 21 верасня працуе выстава «Беларусь: у дэмакратыі жаночае аблічча». На ёй прадстаўлены працы беларускіх фотажурналістаў, зробленыя у час акцый пратэсту 2020 года. Сярод аўтараў ёсць гродзенскі фатограф.

Снимки Гродненского фотографа показывают на выставке в столице Бразилии
Адкрыццё выставы 21 верасня. Фота: Instagram

Пяцярых жыхароў вобласці прызналі палітвязнямі

Аляксандра Пятрашка, Канстанціна Філіпава, Андрэя Кандратовіча, Паўла Беленіка, Аляксея Сянько прызналі палітвязнямі. Як мяркуецца, іх затрымалі за каментары пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зэльцэра. Усяго затрымалі каля 200 аўтараў «абразлівых каментароў».

Музыкам з гурта Irdorath працягнулі тэрмін утрымання пад вартай

Палітвязням Уладзіміру і Надзеі Калач працягнулі тэрмін утрымання пад вартай на месяц, Пятру Марчанку, Юрыі Марчанку і Антону Шніпу — на тры месяцы, паведамляе «Вясна». Іх абвінавацілі паводле арт. 342 КК «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» за выступ на акцыях пратэсту ў Мінску ў жніўні 2020 года.

Затрыманне ў Навагрудку

38-гадовага жыхара Навагрудка 6 кастрычніка затрымалі за каментар. Па версіі следства, 3 кастрычніка ён пакінуў каментар «у падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці і прымянення зброі» пад відэаролікам з дэманстрацыяй зброі. У дачыненні да мужчыны распачалі крымінальную справу па ч.1 арт. 361−4 «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Ад дачы паказанняў ён адмовіўся. Раней яго затрымлівалі за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, паведамляе Следчы камітэт.

Затрыманні ў рэгіёнах

  • Інжынера-праграміста «Краснасельскаўтатранс» затрымалі на працоўным месцы за рэпост экстрэмісцкіх матэрыялаў. У 2020 годзе ён прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у акцыях. Відэа затрымання выклалі каналы, блізкія да сілавікоў.
  • Затрымалі дыспетчара Ваўкавыскага ЖКГ. Па версіі следчых, ён распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы і асабістыя дадзеныя дзяржслужачых.
  • За каментар пасля смерці супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка затрымалі грузчыка Лідскага малочна-кансервавага камбіната.

Коратка:

  • Алесь Залеўскі разам з Іллём Варламавым зрабілі кіно пра Беларусь
  • Эксперты распавялі, як палітычны крызіс паўплываў на настроі ў беларускіх рэгіёнах
  • Выкладчык і гісторык Андрэй Колас у Ваўкавыску выйшаў на волю пасля 10 сутак адміністрацыйнага арышту
  • Палітвязень Канстанцін Поляк просіць аб дапамозе
  • З’явіліся дадзеныя аб тым, што ў ГрГМУ непрывітым студэнтам пагражаюць паставіць не вышэй за восем балаў за экзамен