7 кастрычніка памёр Зміцер Уладзіміравіч Караў - даследчык, доктар гістарычных навук, прафесар, былы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы. Калегі называюць прафесара адным са стаўпоў беларускай гістарыяграфіі.

Зміцер Караў - спецыяліст у галіне гістарыяграфіі і крыніцазнаўства гісторыі Беларусі, гісторыі культуры Беларусі XVI—XXI стагоддзяў, аўтар некалькіх манаграфій і вучэбных дапаможнікаў. Сярод тэмаў ягоных даследванняў - гісторыя беларускай дзяржаўнасці, Вялікае Княства Літоўскае, беларусазнаўства, гродназнаўства.

Зміцер Караў нарадзіўся ў Уфе (Башкірыя) 25 снежня 1949 года. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны гістарычна-архіўны інстытут, у 1995 годзе — юрыдычны факультэт ГрДУ. З 1979 года Зміцер Караў - выкладчык ГрДУ, загадчык кафедры эканамічнай тэорыі. З 1997 быў прафесарам кафедры ўсеагульнай гісторыі ГрДУ, у 1997—1999 гадах займаў пасаду загадчыка кафедры тэорыі і гісторыі права Гродзенскага філіяла Беларускага інстытута правазнаўства. З 1995 года ўзначальваў Гуманітарны цэнтр даследаванняў Усходняй Еўропы, быў старшынёй Гродзенскага аддзялення Археаграфічнай камісіі пры Белкамдзяржархіве, дырэктарам Цэнтра міждысцыплінарных даследаванняў дыяспар і замежнага беларусазнаўства ГрДУ.

У 1987 годзе пры гродзенскім аддзяленні Беларускага фонду культуры Зміцер Уладзіміравіч стварыў і ўзначаліў Генеалагічную камісію. У 1986 годзе ён пачаў падрыхтоўку да выдання першага выпуску міжнароднага гісторыка-культуралагічнага альманаха «Наш радавод», расказаў Hrodna.life гісторык і краязнаўца Алесь Госцеў. Разам з іншымі краязнаўцамі Гродзеншчыны яны ладзілі шэраг навукова-практычных краязнаўчых канфэрэнцый. Зміцер Караў быў рэдактарам і складальнікам васьмі кніг серыі «Наш радавод» (1991—2001).

«Дзмітрый Уладзіміравіч быў выкладчыкам „залатога веку“ гродзенскага гістфаку — канца 80-пачатку 90 х гг. ХХ ст., — напісаў пра нябожчыка яго калега, дацэнт, кандыдат гістарычных навук Віталь Карнялюк. — Менавіта ён адкрыў нам, тагачасным студэнтам, еўрапейскае сярэднявечча. Але, пэўна, галоўнай верхавінай яго дзейнасці стала канферэнцыя „Наш радавод“ — сапраўды, яшчэ адзін „гістафак“ для таго часу. Здаецца было восем такіх канферэнцый, але першыя — былі падзеяй, як у навуковым, так і ў асветніцкім плане. Што не выступ — то адкрыццё сваёй мінуўшчыны, адкрыццё новых імёнаў. Гэтай іпастасі дзейнасці і жыцця Дзмітрыя Уладзіміравіча, бесспрэчна, удзячнае цэлае пакаленне тых студэнтаў, аспірантаў і выкладчыкаў. Сціплай паліграфіі, першыя зборнікі яго канферэнцый, тым не менш, ператвараліся ў сапраўдныя падручнікі па айчыннай гісторыі і гродназнаўству».

Незадоўга да смерці навуковец падрыхтаваў да выдання кнігу «Принеманье: история и люди в национальном и европейском контексте», расказаў гродзенскі выдавец Аляксандр Рыжы.