Рост захворвання каранавірусам у Гродне назіраецца з канца жніўня. Дапамогуць справіцца з чарговай хваляй маскі і вакцынацыя. Пра гэта падчас прамога эфіру «Гродна Плюс» распавялі галоўны ўрач Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Яніна Шарэнда і галоўны ўрач Гродзенскай цэнтральнай гарадской паліклінікі Аляксандр Раманчук.

— Рост захворвання ў Гродне, раёне і вобласці - сумная, але рэальнасць, — распавяла Яніна Шарэнда. — Сапраўды, з канца жніўня мы пачалі назіраць устойлівую тэндэнцыю да росту захворвання COVID-19 сярод насельніцтва. З канца жніўня мы штотыдзень прырастаем на 30−40%.

8 кастрычніка пад прыём пацыентаў перапрафілявалі Гродзенскі абласны клінічны кардыялагічны цэнтр. Акрамя таго, пацыентаў з каранавірусам прымаюць Гродзенская гарадская бальніца № 2, Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца, Гродзенская абласная клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі, Гродзенскі абласны клінічны цэнтр «Фтызіятрыя» і аддзяленне ў Гродзенскай універсітэцкай клініцы.

Што прывяло да росту захворвання?

Уздым захворвання быў прадказальны і чакаемы, распавяла Яніна Шарэнда.

Да яго прывяло некалькі фактараў.

  1. У Гродне яшчэ засталося «шмат невакцынаваных адчувальных асоб», якія могуць заразіцца каранавірусам.
  2. Людзі расслабіліся, перасталі выконваць меры прафілактыкі летам і прынеслі інфекцыю ў калектывы пасля адпачынку.
  3. Паўплываў пачатак навучальнага года. У тым ліку пачалося фарміраванне новых калектываў у дзіцячых садках, школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах.
  4. Уздым захворвання наклаўся на сезонны ўздым па вострых рэспіраторных вірусных інфекцыях. А вось грып у горадзе і раёне пакуль не зарэгістравалі.

Што дапаможа справіцца з вірусам?

Меры прафілактыкі выцякаюць з шляхоў перадачы каранавіруса: паветрана-кропельнага і кантактна-бытавога. У першым выпадку працуе маска: кроплі з навакольнага асяроддзя не трапляюць у лёгкія.

Маску трэба насіць па правілах.

  1. Спачатку памыць рукі вадой з мылам 20 секунд або апрацаваць антысептыкам.
  2. Закласці маску за вушы цёмным бокам вонкі і складкамі ўніз.
  3. Маска павінна шчыльна прылягаць, закрываючы падбародак, рот і нос.

Вакцынацыя дапамагае?

Эпідэміёлагі правялі аналіз тых, хто заразіўся каранавірусам са студзеня па верасень 2021 года. Сярод тых, хто захварэў - 1,47% вакцынаваных двума дозамі. З іх 64% перахварэлі ў лёгкай форме, 36% прынеслі ў сярэдняй ступені цяжкасці, 0,1% спатрэбілася шпіталізацыя, распавяла Яніна Шарэнда.

Аляксандр Раманчук дадаў: з 150 паступіўшых з COVID-19 у другую бальніцу было толькі трое прышчэпленых. Каранавірус у іх прайшоў у лёгкай форме. Таксама ён прывёў у прыклад Ізраіль, дзе 90% насельніцтва прышчапілася. Захворванне там у дзясяткі разоў паменшылася.

— Вядома, ніякая вакцына не дае 100%-ю гарантыю. Але ўсе наяўныя ў Беларусі вакцыны прайшлі кантроль бяспекі і кантроль эфектыўнасці. Эфектыўнасць складае ад 92 да 95%. Гэта значыць, што са 100 чалавек, якія атрымалі вакцыну, 92−95 маюць якасны імунітэт перад COVID-19, — распавяла Яніна.

Лекары падкрэслілі, што рэкамендуюць вакцынацыю, але не прымушаюць прышчапляцца.

 — Мне вельмі шкада, што людзей неабходна прымушаць прышчапіцца і яны не разумеюць усю карысць вакцынапрафілактыкі COVID-19. Вядома, прымусіць вас ніхто не можа. Але вы павінны ўсвядоміць і зразумець, што тыя, хто да гэтага часу не прышчапіўся, — час працуе супраць вас. Часта нам тэлефануюць і кажуць: мы не верым у вакцынацыю, таму што яе (вакцыну — Hrodna.life) зрабілі за вельмі кароткі тэрмін. Для тых, хто памёр у першую хвалю, гэты тэрмін не здаецца кароткім.

Колькі людзей плануюць прышчапіць?

У вобласці ёсць магчымасць прышчапіць 60−70% насельніцтва і ў дзесяткі разоў знізіць захворванне, лічыць Аляксандр Раманчук. Каб вакцынавацца, трэба запісацца на сайце паліклінікі або прыйсці ў прывівачны кабінет з 8.00 да 20.00 у буднія дні з 9.00 да 15.00 у суботу. Таксама ёсць тры прышчэпачных пункта — У ГЦ «OldCity», ГЗК «Trinity» і ў «Короне». На прадпрыемства выязджаюць прывівачныя брыгады. Што тычыцца супрацьпаказанняў, іх лекар вызначае індывідуальна, зыходзячы з дадзеных хворага.

Таксама падчас прамога эфіру абмеркавалі, што такое каранавірус, каму сядзець на самаізаляцыі, як здаць тэст на каранавірус і хто з’яўляецца кантактамі першага ўзроўню.

Карэспандэнтка Hrodna.life таксама адрасавала пытанне на прамую лінію. Рэдакцыю цікавіла, наколькі важна разумець для лячэння, які штам каранавіруса распаўсюджваецца ў краіне? Ці ёсць магчымасць вызначэння штамаў ў Беларусі і Гродне? Пытанне ад рэдакцыі у прамым эфіры не агучылі. Раней у эпідэмстанцыі распавядалі, што брытанскага штама каранавіруса ў Гродне не выявілі — няма лабараторый патрэбнага ўзроўню для яго вызначэння.

Чытайце таксама: