Памяшканне, дзе 20 гадоў быў культавы клуб Stop Line, зноў выставілі на продаж. Другі аўкцыён пройдзе 25 кастрычніка. Першы не адбыўся — на яго не паступіла заявак.
Новы кошт былога клуба са зніжкай у 20% - крыху больш за $ 411 тыс. (1 025 413 рублёў). У задатак трэба будзе заплаціць 103 000 рублёў.
На продаж, як і ў мінулы раз, выстаўляюць сам клуб, актавую залу з цокальным паверхам і падвал. Агульная плошча — амаль 1,5 тыс. кв. м. Памяшканне на Урублеўскага 1/1−1 ізаляванае. Дом — цагляны, дзевяціпавярховы, 1989 года пабудовы. Сцены ў памяшканні - цагляныя, падлогі пакрытыя пліткай, дошкамі, лінолеўмам, паркетам і бетонам, уваход абліцаваны пліткай.
Паводле ўмоваў аўкцыёну пакупнік абавязаны будзе распрацаваць і зацвердзіць праектную дакументацыю на рэканструкцыю і (або) капітальны рамонт цягам года з дня заключэння дамовы куплі-продажу. Рэканструкцыя і (або) капітальны рамонт і ўвод яго ў эксплуатацыю павінны завяршыцца не пазней за тры гады з дня заключэння дамовы.
Апошні дзень падачы заявак на ўдзел у аўкцыёне — 19 кастрычніка, да 16.00. Арганізатар аўкцыёну — камітэт дзяржмаёмасці Гродзенскага аблвыканкама (камітэт «Гроднааблмаёмасць»).
Клуб Stop Line працаваў з 1997 да 2014 года. Яшчэ да таго, як памяшканне выставілі на таргі ў першы раз, ім зацікавіўся ўладальнік сеткі «Еўрагандаль». Там мог з’явіцца «Еўраопт», пункт «Е-дастаўкі» і «Еўрапошты», пісаў раней «Вечерний Гродно».