На святкаванні Дажынак Гродзенскай вобласці сёлета вудзілі рыбу ў фантане, гулялі ў боўлінг капустай і ладзілі «Цукровыя гульні». Свята прайшло 25 жніўня ў Скідзелі. Hrodna.life сабраў незвычайныя моманты абласных Дажынак.

На суботнім канцэрце выступалі спеўныя калектывы з розных раёнаў вобласці. У цэнтральным скверы зладзілі выставу-кірмаш ад рамеснікаў, установаў і мясцовага лясгасу. Былі і ўжо звыклыя для беларускіх святаў частаванне «салдацкай» кашай ды медыцынскі гарадок. Не абышлося без тэматычнай пляцоўкі, прысвечанай 76-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Удзельнікі свята таксама спаборнічалі, хто хутчэй пранясе шэсць мяхоў цукру. Конкурс ад Скідзельскага цукровага камбіната назвалі «Цукровыя гульні», паведамляе «Гродзенская праўда». Яшчэ адна актыўнасць — з саломы зрабілі лабірынт, а ў ім — боўлінг з капусты.

Быў на свяце і традыцыйны ўжо для гарадскіх мерапрыемстваў «медыцынскі гарадок». Там лекары мералі ціск і цукар у крыві проста на вольным паветры. Можна было пракансультавацца і ў псіхатэрапеўта, расказала «Гродзенскай праўдзе» спецыялістка Гродзенскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Копач.

Што гэта за свята — Дажынкі?

Само свята Дажынак — не новае. Згадкі пра яго сустракаюцца з XII стагоддзя, даследчыкі мяркуюць, што яно магло існаваць з пачатку земляробства. Свята мела і іншыя назвы: Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная, Талака. Яно было прысвечана сканчэнню жніва, адпаведна, і адзначалі яго раней, чым зараз, і па-іншаму. Перад Дажынкамі былі Зажынкі - калі шанаваная гаспадыня зажынала першы сноп, побач клалі хлеб і соль. З першых зжатых калоссеў рабілі адмысловы пояс, каб не балела спіна ў час працы.

Сярод традыцый Дажынак — пакідаць на полі крыху нязжатых калоссеў («завіць бараду»). У некаторых рэгіёнах «бараду» маглі ўпрыгожваць кветкамі. Абіралі жняю, якая несла апошні сноп ці вянок з калоссеў у хату гаспадара, а той частаваў жнеек. Усе этапы жніва суправаджалі пэўнымі рытуаламі і абрадавымі спевамі. Першы сноп захоўвалі на покуці, апошні маглі ўпрыгожваць хусткай, надавалі яму надзвычайныя ўласцівасці. Была традыцыя качацца па сжатым полі - лічылі, што так можна адлекаваць спіну, забраць назад аддадзеную полю моц.

Читайте также: В Скиделе хотели установить беседу к Дожинкам. Но потом передумали