Smart-цэнтр астраноміі і астрафізікі «Сірыус» адкрыўся ў Гродне 17 верасня. Ён з’явіўся на базе ліцэя № 1. Там выкарыстоўваюць тэхналогіі віртуальнай і дапоўненай рэальнасці, а таксама “разумны” глобус.

“Разумны” цэнтр астраноміі і астрафізікі абсталяваны тэлескопам. Яго будуць выкарыстоўваць для астранамічных назіранняў. Гэта будзе карысным пры падрыхтоўцы ліцэістаў да міжнародных алімпіяд па астраноміі і астрафізіцы.

Праз VR-акуляры можна папрысутнічаць ў палёце на Марс або «даследаванні» гравітацыйнай раўнавагі ў Сонечнай сістэме. А таксама пагрузіцца ў нетры зямлі або прагуляцца па Міжнароднай касмічнай станцыі.

Прагуляцца па Марсе і МКС можна ў Гродне. У ліцэі №1 адкрыўся клас астраноміі з тэлескопам і VR-акулярамі
Кабінет астраноміі ў ліцэі №1. Фота: liceum1grodno.schools.by

Касмічная “smart-галерэя”

Цэнтр абсталяваны сучасным абсталяваннем, якія дазваляюць зрабіць працэс навучання школьнікаў займальным і сучасным, сцвярджаюць на сайце ліцэя №1. Выпускніца ліцэя Ксенія Гаравенка спецыяльна для “разумнага” цэнтра распрацоўвае касмічную smart-галерэю. Яна прадугледжвае некалькі узроўняў “пашырэння” прасторы навучальнага кабінета і пагружэння вучня ў віртуальнае асяроддзе.

Цэнтр для ўсіх школьнікаў Гродна

Наведаць адукацыйныя заняткі ў smart-цэнтры могуць вучні іншых школ. Для гэтага трэба пакінуць папярэднюю заяўку.

Прагуляцца па Марсе і МКС можна ў Гродне. У ліцэі №1 адкрыўся клас астраноміі з тэлескопам і VR-акулярамі
Кабінет астраноміі ў ліцэі №1. Фота: liceum1grodno.schools.by

Раней паведамлялася, што кабінет наведаюць усе гараджане

Аб арганізацыі кабінета астраноміі Hrodna.life пісаў у траўні 2021 года. Тады інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце дзяржзакупак, а дырэктар ліцэя Ігар Маслоў казаў, што кабінет будзе працаваць як гарадскі рэсурсны цэнтр — наведаць яго змогуць усе гараджане. На просьбу карэспандэнткі Hrodna.life пракаментаваць стварэнне “разумнага” класа 23 верасня дырэктар адказаў, што яму гэта “нецікава абмяркоўваць”.

Чытайце таксама: Кабінет астраноміі з віртуальнай рэальнасцю створаць у адной з гродзенскіх школ