Выйшла з друку кніга «Гродно — столица, которая осталась». Яна расказвае пра гродзенскія славутасці і творы мастацтва, дзённікі падарожнікаў XVIII стагоддзя. Аўтар кнігі - гродзенскі блогер-краязнаўца Яўген Аснарэўскі. Кніга адрасаваная не толькі адмыслоўцам, але і далёкім ад гісторыі людзям. У падрыхтоўцы выдання ўдзельнічала рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.
«Гэтая праца стала вынікам шматгадовых даследаванняў гродзенскай гісторыі і мастацтва. Я паставіў сабе сур’ёзную задачу: стварыць кнігу, якая паказвае Гродна як фактычную сталіцу ВКЛ, а яшчэ раней — сталіцу ўласнага княства. Тут адбываліся найважнейшыя гістарычныя падзеі і вяршыліся лёсы народаў», — казаў аўтар пра выданне.
Яўген Аснарэўскі — творчы псеўданім гродзенскага краязнаўцы і блогера. Сапраўднае імя ён не раскрывае. Аснарэўскі піша для Вікіпедыі і вядзе LiveJournal, складае петыцыі пра захаванне і ўдасканаленне гарадской прасторы, аўтар мастацкай прозы. Пісаў пра архітэктуру Старога замка, летнюю каралеўскую рэзідэнцыю ў Панямуні, тэатр Тызенгауза ды іншыя помнікі гродзенскай архітэктуры. Многія артыкулы блогера цытуюць і рэпосцяць мясцовыя СМІ і інтэрнэт-медыя. Таксама Аснарэўскі склаў дзве тэматычныя карты — пра яўрэйскія славутасці і арыстакратычныя рэзідэнцыі горада.
Першыя раздзелы выдання каротка распавядаюць пра значныя падзеі ў гісторыі горада і будынкі, узведзеныя ў XII-XX стагоддзях. У наступных чатырох гродзенскія вядомыя і малавядомыя помнікі архітэктуры апісваюцца больш дэтальна. Гэтыя раздзелы складаюцца з 50 главаў. Акрамя гісторыі і архітэктурных асаблівасцяў будынкаў ў кнізе апісваюцца таксама творы жывапісу і скульптуры, якія ў іх месцяцца, памеры знішчаных будынкаў. Аўтар спрабуе абгрунтаваць мастацтвазнаўчае паняцце «сакоўскi класіцызм» і фармулюе гіпотэзы наконт аўтарства тых ці іншых твораў мастацтва.
У главе пра Стары замак шмат месца аддадзена яго рэканструкцыі, якую Аснарэўскі крытыкаваў. Дзякуючы яго заўвагам былі выпраўленыя некаторыя памылкі. Ёсць асобная глава, прысвечаная Фары Вітаўта. «Мастацтвазнаўчы аналіз, а яго ў кнізе хапае, цалкам аўтарскі, пры жаданні, мае яркія біркі, прылепленыя да таго ці іншага аб’екта, можна забраць і ў свае працы» — напісаў пра кнігу Яўген Аснарэўскі ў сваім Facebook.
Наступны блок выдання — аўтарскія пераклады дзённікаў падарожнікаў XVIII стагоддзя. У частцы пад назвай «Маленькие гродненские истории» змешчаны цікавыя факты, звязаныя з гісторыяй Гродна. У пасляслоўі аўтар выклаў свае ідэі аб тым, як палепшыць горад.
«У няпростыя для краіны часы хачу адзначыць, што слаўнае мінулае Гродна, выдатныя творы мастацтва, якія ў нас ёсць, павінны натхняць людзей на пазітыўнае стаўленне да жыцця. Таму што калі ў нас было такое мінулае, то абавязкова ў будучыні ўсё будзе добра, — казаў Аснарэўскі пра выданне. — Гэтая кніга можа не толькі даць веды, але і натхніць чытачоў. Таму я ўпэўнены, што яе варта прачытаць усім, хто любіць наш цудоўны Гродна».
Спампаваць электронную кнігу можна бясплатна па спасылцы. Таксама на гэтым рэсурсе можна замовіць друк любой колькасці асобнікаў і іх дастаўку (у тым ліку ў краіны Еўрасаюза). Друкаваныя асобнікі кнігі таксама можна атрымаць праз Wildberries.