Прамую тэлефонную лінію з гродзенцамі 21 верасня правялі адразу дзве дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Ірына Луканская і Алена Патапава. Днём раней рэдакцыя Hrodna.life папрасіла дасылаць пытанні для дэпутатак. Карэспандэнтка Hrodna.life патэлефанавала на лінію і задала пытанні, якія адабралі ў рэдакцыі.
Ірыне Луканскай чытачы адрасавалі адно пытанне, Алена Патапавай – сем. Некаторыя пытанні рэдакцыя апусціла, бо яны насілі правакацыйны характар.
Выплаты медыкам і гонар за законапраекты
Чытач цікавіўся: у Беларусь прыйшла чацвёртая хваля COVID-19, а медыкам перастануць выплачваць даплаты за працу з заражанымі пацыентамі. “Як цяпер будуць аплачваць гадзіны працы з “кавіднымі” пацыентамі і куды пойдуць зэканомленыя грошы, раз яны не ідуць медработнікам?”, – пытаўся ён.
– Такія канкрэтныя пытанні цалкам можна задаць канкрэтнай асобе – галоўнаму лекару Цэнтральнай паліклінікі. Я ўпэўненая, што ўсё робіцца згодна з інструкцыямі Міністэрства аховы здароўя. “Кавідныя” надбаўкі захоўваюцца тым, хто сапраўды працуе з «кавіднымі» хворымі. Гэта я дакладна ведаю. Канкрэтныя сумы вы можаце ўдакладніць у тых, хто непасрэдна гэтым займаецца на сённяшні дзень. Калі кагосьці канкрэтна “пакрыўдзілі”, няхай да мяне звяртаецца, я буду вырашаць пытанне з канкрэтнымі людзьмі. < … > [Зэканомленыя грошы трэба накіраваць], вядома, на развіццё сістэмы аховы здароўя. На сённяшні дзень на ахову здароўя выдаткі павялічаныя на 20% у параўнанні з папярэднім годам. І наша сістэма аховы здароўя даказала сваю слушнасць – у тым ліку на сусветным узроўні. І Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя дала найвышэйшую ацэнку працы з COVID-19 беларускім медыкам, – адказала Ірына Луканская.
Чытайце таксама: Мінздароўя: «Знаходзімся амаль на самых высокіх лічбах мінулых хваляў». У Гродне зноў перапрафілююць бальніцы пад каранавірус
«У памяшканні былой пальчаткавай фабрыкі „Акцэнт“ па вул. Маставой адкрыліся кафэ, якія працуюць да пяці раніцы па выхадных. Гэтыя ўстановы выстаўляюць столікі на вуліцы і ва ўнутраным дворыку. Вечарамі і ноччу вельмі шумна ад музыкі і крыкаў п’яных наведвальнікаў. Нашы звароты ў аблвыканкам і міліцыю далі толькі адпіскі ад гэтых арганізацый. Праблема так і не вырашана. Хочам сустрэцца з нашымі дэпутатамі, і хай яны ўдзельнічаюць у нашай праблемнай сітуацыі. З уладамі вырашыць пытанне не ўдаецца”, – напісаў чытач. “Гэта не мая акруга, не магу вам нічога сказаць. Першы раз аб гэтай праблеме чую”, – адказала Алена Патапава.
Чытачка адпраўляла дэпутатцы электронны зварот, у якім прасіла даць справаздачу аб дзейнасці, але адказу не было. На гэта Патапава папрасіла назваць дадзеныя чытаткі. Таксама яна зазначыла, што абавязаная даваць справаздачу аб працы раз у год. Апошні раз гэта было ў снежні 2020 года.
“Калі школы будуць забяспечаны інтэрнэтам, асабліва раёны, нармальным мелам, настаўнікі паперай, каб мець магчымасць друкаваць дадатковыя матэрыялы (усе дзеці рознага ўзроўню і не могуць вучыцца па адным падручніку. Добрыя настаўнікі падладжваюцца і для больш слабых друкуюць заданні лягчэй, моцным – складаней), калі настаўнікаў забяспечаць планшэтамі або камп’ютарамі, каб яны маглі карыстацца электроннымі дзённікамі ў рэжыме рэальнага часу, а не раз у тыдзень адзнакі выстаўляць і хатнія заданні ўносіць, калі яны ўжо не патрэбныя нікому? — пацікавіўся чытач. Алена адказала, што раёны – не яе адказнасць, “пытанні павінны быць абгрунтаванымі, а праблемы — канкрэтнымі, а не хтосьці дзесьці нешта казаў пра раённыя школы».
Яшчэ адзін чытач цікавіўся, удзелам у распрацоўцы або прыняцці якіх законаў дэпутаткі ганарацца. “У сэнсе – я ганаруся? Хай мне чытачы патэлефануюць на прамую лінію, мы з імі больш падрабязна абмяркуем, што яны закладваюць у гэтае пытанне. Вы перадайце – хай яны мне патэлефануюць”.
Што яшчэ пыталіся чытачы?
Сярод іншага, чытачоў цікавіла:
- чаму масавыя мерапрыемствы праводзяцца бліжэй за 50 метраў (дыстанцыя, прадугледжаная заканадаўствам) каля консульстваў Літвы і Польшчы ў Гродне?
- ці дапускаюць яны магчымасць фальсіфікацыі выбараў не толькі падчас прэзідэнцкай кампаніі, але і парламенцкай?
- ці зможа кожная з іх сфармуляваць абавязкі, мэты і спосабы іх дасягнення дэпутатам?
Чым займаюцца дэпутаты?
Ірына Луканская і Алена Патапава сталі дэпутатамі пасля выбараў-2019. Тады студэнты скардзіліся на прымус да датэрміновага галасавання, а гродзенец не ўбачыў свой голас ў пратаколе.
Асноўныя кампетэнцыі Палаты прадстаўнікоў, паводле сайта president.gov.by, – разгляд законапраектаў, прызначэнне выбараў прэзідэнта, адабрэнне кандыдатаў, прызначаных прэзідэнтам на пасаду Прэм’ер-міністра, ацэнка работы ўрада. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу штогод праводзіць па дзве чарговыя сесіі. Пазачарговыя сесіі склікаюцца ўказамі прэзідэнта.
Выходзілі да гродзенцаў пасля выбараў
Дэпутаты Ірына Луканская і Алена Патапава былі ў ліку прадстаўнікоў улады на сустрэчы ў гарвыканкаме 17 жніўня 2020 года. На ёй абмяркоўвалі зварот з патрабаваннямі пратэстоўцаў. Прадстаўнікі пратэстоўцаў тады прыйшлі да высновы, што чыноўнікі сыходзяць ад адказаў на прамыя пытанні, і дэманстратыўна пакінулі залу. Атрымалася абмеркаваць толькі некалькі з патрабаванняў пратэстоўцаў. Увечары дэпутаты выйшлі на плошчу Леніна, каб абмеркаваць з гродзенцамі выхад з крызісу. Камунікацыя была эмацыйнай і да выніку не прывяла.
Чытайце таксама:


