Віктар Корзун, пракурор Гродзенскай вобласці, сышоў у адстаўку, паведаміла Генеральная пракуратура. Хто зойме яго месца, пакуль не паведамляецца. На сайце пракуратуры цяпер кантакты толькі намеснікаў пракурора.
Віктар Корзун быў сярод тых, з кім сустракаліся прадстаўнікі пратэстоўцаў у жніўні 2020 года. Прадстаўнікі ўладаў фактычна адмовіліся абмяркоўваць патрабаванні актывістаў па сутнасці. Корзун хацеў, каб выбарчая кампанія прайшла у рамках закона. Пры ім таксама ўзбуджалі крымінальныя справы за дзедаўшчыну. Ніводнай справы за перавышэнне паўнамоцтваў сілавікоў не распачалі.
Што вядома пра экс-пракурора вобласці?
- Нарадзіўся ў 1957 годзе ў в. Калацічы Глускага раёна Магілёўскай вобласці.
- Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці «Правазнаўства». Працаваў стажорам, памочнікам пракурора, пракурорам аддзела пракуратуры, пракурорам раёна ў рэгіёнах і Менску.
- З ліпеня 1998 года працаваў у цэнтральным апараце ведамства, у тым ліку начальнікам упраўлення па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах і аналізу судовай дзейнасці, начальнікам арганізацыйна-кантрольнага ўпраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь.
- На пасадзе пракурора Гродзенскай вобласці — з снежня 2016 года.
Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Андрэй Швед, прымаючы адстаўку пракурора Гродзенскай вобласці, адзначыў: «Амаль 40 гадоў аддадзена служэнню Радзіме і Айчыне. Віктар Канстанцінавіч пачынаў свой шлях з нізавога звяна, пасля займаў адказныя пракурорскія пасады. Ён — чалавек дзяржаўны, прымаў аб’ектыўныя і правільныя рашэнні, пры гэтым заўсёды перажываў за людзей. Калі спрачаўся, то гэта заўсёды было ў інтарэсах службы. Ён, несумненна, уяўляе наш залаты фонд».
Што казаў Віктар Корзун аб выбарах-2020?
«Некаторыя кажуць, што яны не буянілі, нічога не рабілі, яны мірна ўдзельнічалі. Але гэта ўсё роўна ўдзел у супрацьпраўнай дзейнасці, за якую прадугледжана адказнасць.
Што тычыцца патрабаванняў аб пакаранні ўсіх, хто ўжываў сілу ў дачыненні да мірных дэманстрантаў, то зноў жа, трэба мець на ўвазе, што гэта не масавая амністыя. Усе судовыя рашэнні, і кожны выпадак будзе дбайным чынам правераны.
Да нас паступаюць скаргі, у тым ліку і пра тое, што чалавек наогул не датычны, проста ішоў міма, нічога не рабіў і трапіў «пад раздачу». Безумоўна, кожны факт будзе вывучаны. Пракурор мае права ў прадугледжаных законам выпадках апратэставаць такія рашэнні, аднак ацэнку дасць абласны суд. Толькі ён можа адмяняць падобныя пастановы. Адзначу, што ў цяперашні час у пракуратуры вобласці такіх няшмат", — цытавала яго «Гродзенская праўда».
Чытайце таксама: