Скаргу на судовае рашэнне, па якому Telegram-канал Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім, разгледзелі 1 верасня ў Гродзенскім абласным судзе. Рашэнне суда Ленінскага раёна Гродна ад 9 ліпеня 2021 года вырашылі пакінуць без змены, скаргу Аляксея Шоты — без задавальнення.
Справу разглядалі па апеляцыйнай скарзе галоўнага рэдактара Hrodna.life Аляксея Шоты.
У справе ўдзельнічаў Прадстаўнік пракуратуры Гродзенскай вобласці Сарока. Разглядала справу судовая калегія ў складзе суддзяў Сяргея Піпко, Вячаслава Міхневіча і Людмілы Малючок.
Аляксей прасіў адмяніць рашэнне суда і прыняць новае рашэнне па справе — адмовіць у задавальненні заявы пракурора.
Чаму рашэнне трэба адмяніць?
- Рашэнне суда было неабгрунтавана, паколькі па справе адсутнічала экспертнае заключэнне аб выяўленні прыкмет праявы экстрэмізму ў прадстаўленай на даследаванне інфармацыйнай прадукцыі.
- Сам Telegram-канал не з’яўляецца інфармацыйнай прадукцыяй. Ён павінен разглядацца як крыніца — рэсурс для распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі. А дзеючае заканадаўства не дае магчымасці прызнання крыніц распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкім матэрыялам.
- Рашэнне суда парушае міжнародныя абавязацельствы Беларусі ў сферы правоў чалавека. У прыватнасці, парушаецца палажэнне Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у якім замацавана права на выказванне меркавання і права на мірны сход.
- Судом парушаныя нормы працэсуальнага права. У прыватнасці, Аляксею неабгрунтавана было адмоўлена ў прыпыненні вытворчасці па справе і разглядзе скаргі на заключэнне экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі, растлумачыў рэдактар у скарзе.
Прадстаўнік Пракуратуры Гродзенскай вобласці заявіла, што суд першай інстанцыі прыйшоў да правільнай высновы, а Аляксей, складаючы скаргу, няправільна зразумеў заканадаўства. Яна прасіла пакінуць рашэнне суда Ленінскага раёна пакінуць без змены, а скаргу — без задавальнення.
Суд Ленінскага раёна 9 ліпеня 2021 года прызнаў Telegram-канал Hrodna.life экстрэмісцкім. Прычынай сталі выяўленыя сілавікамі публікацыі, якія эксперты палічылі «накіраванымі на распальванне сацыяльнай і іншай варожасці». Прыкметы экстрэмізму і распальвання варожасці экспертная камісія знайшла у некаторых каментарах чытачоў.
Да сайта, лагатыпу Hrodna.life і іншых сацыяльных сетак рэдакцыі прэтэнзій не было. Telegram-канал, які прызналі экстрэмісцкім, ужо выдалілі. Мы запрашаем падпісацца на «Гродна Like».
Чытайце таксама: