Упраўленне Следчага камітэта (УСК) па Гродзенскай вобласці расследуе крымінальную справу аб арганізацыі несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах і ўдзеле ў іх, прымяненні гвалту і пагрозах гвалту ў дачыненні да сілавікоў. Яно звязана з леташняй акцыяй пратэсту і счэпкай на вуліцы Гарнавых каля «Молочного мира». Усё адбывалася 6 верасня 2020 года. Міліцыя працягвае шукаць новых фігурантаў справы, паведамляе прэс-служба УСК вобласці.

Адной з іх стала 57-гадовая гарадзенка. Яе абвінавачваюць у актыўным удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Паводле матэрыялаў справы, жанчына «выкрыквала лозунгі і, рухаючыся ў „счэпцы“ па вуліцы Гарнавых у Гродне, аказала актыўнае непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўжыла да іх гвалт». Гродзенку будуць судзіць паводле ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт і пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Жанчына прызнала віну ў час допыту, паведамілі ў прэс-службе. Да яе ўжылі меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

У Гродне працягваюць шукаць людзей за акцыю пратэсту і счэпку на Гарнавых год таму
Акцыя пратэсту 6 верасня ў Гродне
У Гродне працягваюць шукаць людзей за акцыю пратэсту і счэпку на Гарнавых год таму
Фота: прэс-служба УСК па Гродзенскай вобласці

Як судзяць па гэтай справе гродзенцаў

10 сакавіка 2021 года па справе аб счэпцы на Гарнавых вынеслі прысуд чацвярым гродзенцам. Братам Уладзіміру і Юрыю Седзянеўскаму, а таксама Жанне Захаркевіч прысудзілі тры гады абмежавання волі ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Сястры Жанны, Надзеі Сцяпанцовай прысудзілі тры з паловай гады абмежавання волі. Яшчэ аднаго абвінавачанага, Аляксандра Якубоўскага, абвясцілі ў вышук. Гродзенцаў абвінавацілі ў тым, што 6 верасня 2020 года на Гарнавых, 10 яны ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). Пазней, паводле версіі пракурора, яны ўсталі ў счэпку і «сваім целам сталі выштурхоўваць супрацоўнікаў са свайго шляху», што прычыніла 11 супрацоўнікам фізічны боль і пабоі (арт. 364 КК). Пасля абскарджання 15 чэрвеня Гродзенскі абласны суд пакінуў прысуд без зменаў.

Чытайце таксама: В день рождения сына — суд, на юбилей — приговор. Осужденные на «химию» сёстры рассказали, как стали преступницами

2 жніўня дырэктара прыватнай фірмы Андрэя Сакалоўскага прысудзілі да трох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. За ўдзел у падзеях 6 верасня 2020 года паводле ч. 1 арт. 342 КК яму прызначылі два гады абмежавання волі, паводле арт. 364 КК-два гады пазбаўлення волі. Раней яго асудзілі на тры гады калоніі за махлярства-адно пакаранне паглынула іншае. Андрэй таксама заплаціць 700 рублёў кампетэнцыі маральнай шкоды па пазове пацярпелага амапаўца. У ходзе судоў чацвёра з пяці амапаўцаў, якія заявілі пазовы аб кампенсацыі, адмовіліся ад сваіх пазоваў. Двух з 12 амапаўцаў папрасіла прыбраць з ліку пацярпелых адвакат.

16 жніўня суд Кастрычніцкага раёна вынес прысуд па той жа справе тром гродзенкам. Іх прызналі вінаватымі па артыкулах 342 і 362 КК. Але Гарацкевіч прысудзілі 2,5 года «хатняй хіміі», яе дачкі галіне Гарацкевіч — тры гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстановы адкрытага тыпу, Ганна Мароз — чатыры гады"хатняй хіміі". Практычна такое пакаранне і запытваў дзяржабвінаваўца. Ала Гарацкевіч хворая на анкалогію, у Ганны Мароз — двое дзяцей. Да прысуду Галіна і Ганна правялі ў СІЗА пяць месяцаў.

Што адбывалася 6 верасня 2020: Марш адзінства і браніраваны пазадарожнік

Акцыю пратэсту 6 верасня супраць вынікаў выбараў 2020 года тады назвалі Маршам адзінства. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці кропках горада, каб дайсці да Савецкай плошчы. Сілавікі блакавалі дарогі і разбівалі натоўпы, але людзі ўсё ж сабраліся ў цэнтры і пайшлі ў бок Вішняўца. Іх сустрэў АМАП, былі жорсткія затрыманні. На Савецкую плошчу прыязджаў бранаваны пазадарожнік Dajiang.

У Гродне працягваюць шукаць людзей за акцыю пратэсту і счэпку на Гарнавых год таму
Фота: прэс-служба УСК па Гродзенскай вобласці

Чытайце таксама: «Два человека заломали руки, третий начал душить, я потерял сознание». Как задерживали гродненцев на Марше единства 6 сентября

Паводле дадзеных міліцыі, у акцыі ў той дзень узялі ўдзел каля 750 чалавек. Затрымалі і даставілі ў РАУС 102 чалавекі, у дачыненні да іх завялі адміністрацыйныя справы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (былы арт. 23.34 КаАП).

Чытайце таксама: «Было более-менее приемлемо, меня никто не бил». Как в Гродно задержали и судили директорку детского хосписа