300 сувенірных значкоў “Герб Гродзенскай вобласці” закупляюць у Галоўным упраўленні ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце дзяржзакупак.
300 значкоў плануюць купіць за 3 320 BYN. Адпаведна, кошт аднаго значка складае прыкладна 11 рублёў. Набываюць значкі за сродкі бюджэту.
Што за значок
- памер: вышыня – 20 мм, шырыня – зыходзячы з прапорцыі афіцыйна зацверджанага геральдычнага сімвала;
- мацаванне – цанга;
- матэрыял: латунь, заліванне эпаксіднай смалой;
- тэхналогія вырабу – чаканка;
- гальванічнае пакрыццё – залацістае, сінтэтычныя эмалі;
- макет узгадняецца заказчыкам;
- ўпакоўка – зіп-пакет паштучна.
Закупка яшчэ наперадзе, распавёў Hrodna.life прадстаўнік заказчыка. Пакуль у аблвыканкаме вывучылі кан’юнктуру рынку. Папярэдне запыт адправілі 11 арганізацыям, якія займаюцца сувенірамі. Хто менавіта стане пастаўшчыком і як будуць выкарыстоўвацца значкі, у аблвыканкаме пакуль не раскрылі. Пастаўка пройдзе з 26 жніўня да 9 кастрычніка.
Падобную закупку праводзіў Брэсцкі аблвыканкам – там цана значка склала прыкладна 9 рублёў.



