145 рублёў або $ 58 просяць за будынак былога палаца ў Дзятлаве. Нежылы двухпавярховы будынак з падвалам і чатырма халоднымі прыбудовамі паспрабуюць прадаць 15 верасня ў Гродне па адрасе вул. 17 верасня, 39.
Плошча будынка — 1527.5 м2. Цяпер ім валодае Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Пасля пакупкі ўладальнік атрымае таксама зямельны ўчастак плошчай 0, 4137 га.
Будынак — 1751 года пабудовы. Яго пабудаваў Мікалай Фаўстын Радзівіл на месцы спаленага шведамі драўлянага замка. З 1938 да 2010 года ў ім размяшчалася гарадская стаматалогія.
Аб’ект здаецца ў арэнду на 50 гадоў. Не пазней за тры гады ўладальнік павінен пачаць выкарыстоўваць палац. Калі будзе праводзіцца рэканструкцыя — на працягу пяці гадоў. Уласнік падпіша ахоўныя абавязальніцтвы. Гаворка ідзе аб ахоўнай зоне ліній электраперадачы, водаахоўнай зоне воднага аб’екта і прыбярэжнай паласе воднага аб’екта.
Некалькі разоў аб’ект ужо выстаўляўся на таргі, але ніхто яго не выкупіў.