У Баранавічах-9 хацелі зрабіць асфальт і веладарожкі. Але ад гэтых планаў прыйшлося адмовіцца. Затое ў прыватным сектары знайшлі месца для міні-сквера з дзіцячай пляцоўкай. Аб праекце забудоўшчык распавёў на прэзентацыі ў гарвыканкаме 18 жніўня.

Новы квартал таўнхаусаў і катэджаў на 57 участках з’явіцца ў мікрараёне Баранавічы-9. Яго пабудуе «Палессежылбуд». Першыя 8 таўнхаусаў, кожны на дзве кватэры, пачнуць узводзіць у верасні. На астатніх участках па плане — індывідуальныя дамы. Але калі будзе попыт на блакаваныя, праект перагледзяць.

Якія дамы пабудуюць?

У таўнхаусах будзе тры спальні, кухня-гасцёўня і тэраса з боку двара. Некалькі варыянтаў планіроўкі і метражу ёсць для індывідуальных дамоў. Можна адразу набыць жыллё з рамонтам.

Без асфальту і веладарожак, але з дзіцячай пляцоўкай. У гарвыканкаме распавялі пра новы квартал таўнхаусаў у Баранавічах

Плошча ўчастка для таўнхаусаў - каля 6 сотак, для катэджаў - 10 сотак. Забудоўшчык паставіць агароджу, зробіць пляцоўкі для машын. Кошт жылля пакуль не называюць.

Што з камунікацыямі?

На ўчастках ёсць вада, электрычнасць і газ. Узніклі цяжкасці з цэнтральнай каналізацыяй. Каля Баранавічаў-7 ёсць камунікацыі, але іх пакуль не выкарыстоўваюць. Таму падключыць да іх Баранавічы-9 не атрымалася. У новых дамах для сцёкавых вод запланавалі выграбныя сістэмы з біялагічнай перапрацоўкай.

Ад веладарожак адмовіліся

У апісанні праекта на сайце гарвыканкама ёсць інфармацыя, што ў квартале будзе каля двух кіламетраў веладарожак. На прэзентацыі высветлілася, што іх вырашылі не рабіць. Прычына — у суседняй забудове няма сеткі, у якую іх можна ўключыць. А ў межах аднаго квартала рабіць веладарожкі няма сэнсу, растлумачылі прадстаўнікі «Палессежылбуда».

Без асфальту і веладарожак, але з дзіцячай пляцоўкай. У гарвыканкаме распавялі пра новы квартал таўнхаусаў у Баранавічах

У той жа час каля дамоў выкладуць тратуары з пліткі, зробяць пад’езды да ўчасткаў. Самі дарогі будуць жвірова-пяшчанымі. Першапачаткова забудоўшчык хацеў пакласці асфальт, але выявілася, што гэта моцна падвысіць кошт квардратных метраў.

У прыватным сектары зробяць міні-сквер

У новым мікрараёне выдзелілі 10 сотак пад дзіцячую пляцоўку. Праекціроўшчыкі лічаць яе галоўнай «фішкай» квартала і хочуць ператварыць у міні-сквер для сямейнага адпачынку. Тут пасадзяць дрэвы і хмызнякі, зробяць дарожкі і лаўкі. У цэнтры будзе зялёны лужок, побач — комплексы для дзяцей і падлеткаў. Магчыма, з’явяцца вулічныя трэнажоры або невялікі канатны гарадок.

Можна дасылаць заўвагі

Да 30 жніўня працягнецца грамадскае абмеркаванне праекта забудовы ў Баранавічах-9. Гарвыканкам прапануе гродзенцам дасылаць заўвагі і прапановы па такіх адрасах:

  • Гродзенскі гарадскі выканаўчы камітэт, пл. Леніна, 2/1, 230 023, г. Гродна
  • электронная пошта: gorisp@gorod.grodno.by.
  • сэрвіс «Электронные обращения» на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама
  • Упраўленне архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама, пл. Тызенгаўза, 3, 230 023, г. Гродна

Што яшчэ будаваў «Палессежылбуд» у Гродне

  • элітны дом на вуліцы Будзёнага
  • базу адпачынку «Прывал»
  • гандлёвы цэнтр «Трыніці»