Следчы камітэт працягнуў на два месяцы праверку абставінаў смерці Вітольда Ашурка. Маці ў дэкрэце адправілі ў калонію. На Hrodna.life працягваецца ціск: журналістка Ірына Новік атрымала штраф, уласніка выдання збіраюцца ліквіляваць. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 2 па 8 жніўня.
Год «хатняй хіміі» за зрыў сцяга
2 жніўня суддзя суда Смаргонскага раёна Людміла Міхневіч абвясціла прысуд 17-гадоваму жыхару аграгарадка Жодзішкі Аляксею Краўцову за зрыў дзяржаўнага сцяга (з пашкоджаннем яго дрэўка коштам 2.65 рублёў) з будынка мясцовага Дома культуры. Па арт.370 КК яму прысудзілі год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, паведамляе «Гарадзенская вясна».
У пачатку года такое ж пакаранне атрымаў жыхар Смаргоні Дзмітрый Грыневіч за зняцце сцяга з будынка гімназіі.
Прысуд за счэпку у верасня 2020 года
Андрэю Сакалоўскаму прысудзілі тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такое рашэнне вынеслі ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 2 жніўня. Гродзенец застанецца пад вартай да ўступлення прысуду ў сілу.
Ліквідацыя ТАА «Гродна Лайф Медыя»
Пракуратура Гродна падала ў Эканамічны суд Гродзенскай вобласці іск аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя», якое з’яўляецца ўласнікам сайта Hrodna.life. Пра гэта стала вядома 2 жніўня. У працы фірмы пракурор убачыў «дзейнасць, забароненую заканадаўчымі актамі». Падрыхтоўчае судовае пасяджэнне пройдзе 11 жніўня ў 14:50 у Эканамічным судзе Гродзенскай вобласці.
Штраф журналістцы Hrodna.life
У судзе Ленінскага раёна 29 ліпеня паўторна разгледзелі справу ў дачыненні да Ірыны Новік, рэдактаркі спецпраектаў Hrodna.life. Яе прызналі вінаватай у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Першы раз справу журналісткі разглядалі 3 чэрвеня. Рашэнне таго паседжання было адменена абласным судом пасля скаргі журналісткі на парушэнне права на абарону.
Суд за прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі
Андрэя Аўсіевіча пачалі судзіць за абразу міліцыянта і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі. Прычына — некалькі каментароў у Telegram-чатах і каналах. Пацярпелы міліцыянт параўнаў каментар Андрэя з выпадкам, калі на яго з нажом пайшоў п’яны мужчына. Каментар прынёс яму больш пакут, чым той выпадак, заявіў пацярпелы.
Магазін «Адметнасць» у Гродна спыніў працу
Крама нацыянальных тавараў і рамесных вырабаў «Адметнасць» спыніла працу. Пакуль — часова. Праз вобшукі і агляды ў краме вынялі тавары на $ 4000 і гандляваць пакуль няма чым. Да таго ж, гаспадыня крамы Вольга Верамеенка асцерагацца чарговага пераследу за тавары з нацыянальнай сімволікай — раней яе асудзілі за «пікетаванне».
Тром дзяўчатам па справе аб счэпцы на Гарнавых запыталі пакаранне
Але Гарацкевіч з анкалогіяй па двух артыкулах запыталі 2,5 гады «хатняй хіміі». Галіне Гарацкевіч — 4 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўставовы адкрытага тыпу.
Ганне Мароз запатрабаталі 4 гады «хатняй хіміі». У яе двое малалетніх дзяцей — гэта палічылі змякчальнымі абставінамі. Спрэчкі бакоў працягнуцца 13 жніўня ў 14.45.
СК расследует смерть Вітольда Ашурка
Следчы камітэт працягнуў на два месяцы праверку абставінаў смерці Вітольда Ашурка, паведаміла «Гарадзенская вясна».
«Праверка прадоўжана ў сувязі з тым, што падоўжылі час экспертыз. Спытаў, якія версіі разглядаюцца, на што следчы сказаў, што няма экспертыз — няма версій», — паведамляе брат Вітольда Андрэй Ашурак.
Дагэтуль невядомы лёс дзённіка Вітольда Ашурка, пра які палітвязень згадваў у лістах і які не аддалі сваякам з астатнімі асабістымі рэчамі. Па словах брата, следчы падаў запыт ў турму № 1 у Гродне, дзе палітвязень знаходзіўся ў апошні час да этапавання ў калонію. Адказ адтуль пакуль не прыйшоў.
Маці ў дэкрэце адправілі ў калонію
У Лідскім раённым судзе 6 жніўня на паўтара года калоніі агульнага рэжыму асудзілі Таццяну Звярко. Таксама яна выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды пацярпеламу і судовыя выдаткі на 87 рублёў, паведаміла «Гарадзенская вясна».
Судзілі жанчыну па арт. 369 КК і ч. 1 арт. 368 КК. Пацярпелым апынуўся намеснік начальніка Лідскага РАУС Дзяніс Жынко.
Раней Звярко працавала ў Лідскім райвыканкаме старэйшым інспектарам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Цяпер Таццяна Зверко ў дэкрэтным водпуску і гадуе маленькае дзіця.
Чытайце таксама: