У найбліжэйшых планах у «Рамбудаўтадар» працы па аднаўленні асфальтабетоннага пакрыцця на вуліцах Урублеўскага, Леніна, Васілька, Гарнавых, Паповіча, Ліможа, Гараднічанскай, Урыцкага, Шчорса, Касманаўтаў, Захарава, распавялі на «Гродно Плюс». Таксама пачалі рамонт выезду з Гродна ў бок Парэчча. Гэты ўчастак стане вуліцай будучага мікрараёна ў Грандзічах.
Работы на дарогах пачнуць пасля заканчэння сезоннай замены цепласетак. Аб перакрыцці руху будуць паведамляць дадаткова.
Зараз работы па рамонце ідуць у асноўным у цэнтры горада: на вуліцах Тэлеграфнай, Васілька і Паўлоўскага. Паралельна з заменай асфальту там аднаўляюць плітку і робяць ямачны рамонт. Асфальт ужо выкладзены на вуліцы і завулку Дзяржынскага, на вуліцах Парыжскай Камуны, Сацыялістычнай, Славінскага, Вясновай і Болдзіна.
У прыярытэце ў «Рэмаўтадара» — аварыйна-аднаўленчыя работы: ліквідацыя правалаў і прасадак на дарогах, прасадкі люкаў, кратаў ліўнёвай каналізацыі і падобнае, распавёў намеснік дырэктара прадпрыемства Юрый Лапціёў. Таксама прыярытэтным ён назваў аднаўленне пацярпелых ад надвор’я дарог у прыватным сектары і прачыстка ліўнёўкі пасля залпавых залеваў.
Таксама ідуць працы на выездзе з Гродна ў бок Парэчча. Там пашыраюць праезную частку і рыхтуюць яе да кладкі асфальту.
Частка трасы ўздоўж Грандзічы-1 і Грандзічы-3 да вуліцы Курловіча стане вуліцай новага мікрараёна.
Шасціпалосная вуліца Курловіча стане, у сваю чаргу, часткай запланаванага вялікага аб’язнога кола вакол Гродна. Аб’язная дарога да яе падыдзе з боку трасы М6, ад новай развязкі, праз вуліцу Карскага. Далей аб’язная пойдзе ў раён камбіната будматэрыялаў і да яшчэ аднаго запланаванага аўтамабільнага моста праз Нёман да вёскі Баля Сольная, пісаў раней AutoGrodno.