У Гродне ліквідуюць «Студыю карысных кампетэнцый» і «Гродзенскі рок-клуб». 41-гадовага гродзенца затрымалі памежнікі пры спробе пакінуць Беларусь. У Смаргоні судзяць 17-гадовага хлопца. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў Гродне і вобласці з 26 ліпеня да 1 жніўня.
Анджэя Пачобута пакінулі пад вартай
У судзе Партызанскага раёна Мінска 23 ліпеня прайшло пасяджэнне па скарзе гродзенскага журналіста Анджэя Пачобута на пастанову аб ужыванні меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Суд не задаволіў скаргу і пакінуў пастанову без зменаў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Як судзяць за абразу сілавікоў і чыноўнікаў
Не менш за 12 крымінальных спраў за абразу супрацоўніка АУС і прадстаўнікоў улады разгледзелі ў Гродзенскай вобласці за першую палову года. Увесну 2021 года было вядома пра 65 асуджаных па Беларусі. Праваабаронцы адзначаюць, што разглядаў больш. Некаторыя абвінавачаныя, па розных прычынах, не пажадалі публічнасці і агалоскі.
Спрэчкі па справе Сакалоўскага
3,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму запатрабаваў 28 ліпеня пракурор Сяргей Пятрашка па справе Андрэя Сакалоўскага. За падзеі 6 верасня 2020 года гродзенца абвінавацілі ва ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і гвалце над амапаўцамі. Раней яго асудзілі на тры гады калоніі з адтэрміноўкай за махлярства. Фактычна, гэтыя пакаранні могуць злучыць.
Ліквідацыя «Студыі карысных кампетэнцый» і «Гродзенскага рок-клуба»
Культурна-асветніцкая ўстанова «Гродзенскі рок-клуб» і прыватная ўстанова «Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых «Студыя карысных кампетэнцый» знаходзяцца у стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня.
Крымінальная справа за БЧБ-сцяг
41-гадовага жыхара Гродна затрымалі памежнікі пры спробе пакінуць Беларусь, паведамляе Telegram-канал прэс-сакратара МУС. На мужчыну выйшлі супрацоўнікі крымінальнага вышуку. Узбуджана крымінальная справа. Міліцыя сцвярджае, што затрыманы замацаваў бел-чырвона-белы сцяг на флагштоку Кургана Славы ў Гродне ноччу 11 ліпеня.
МУС: на санумовы ў гродзенскай турме за апошнія 1,5 года ніхто не скардзіўся
У адрас санітарнай службы скаргаў на нездавальняючыя ўмовы ўтрымання ў турме № 1 Гродна ў 2020 і 2021 годзе не паступала. Гэта вынікае з ліста медыцынскай службы Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў па Гродзенскай вобласці, якое рэдакцыя Hrodna.life атрымала ў адказ на свой зварот.
Выклікі ў РАУС
У Наваградку тэлефануюць людзям, якія раней прыцягваліся да адказнасці паводле артыкула 23.34 КаАП («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў», у актуальнай рэдакцыі КаАП — арт 24.23), і выклікаюць у РАУС для пастаноўкі на ўлік, паведаміў адзін з Telegram-каналаў. Рэдакцыі Hrodna.life вядома, што гродзенцам, раней затрыманым або заўважаным на акцыях пратэсту, таксама тэлефанавалі з РАУС і пракуратуры.
Пераслед за кашулю з «Пагоняй»
Пасля матчу паміж футбольнымі камандамі Мастоў і Шчучына затрымалі жыхара Мастоў Андрэя Данілавіча. Тое, што на ім была кашуля з гербам Пагоня, палічылі несанкцыянаваным пікетам.
28 ліпеня суддзя Мастоўскага раённага суда Віталь Сініла прысудзіў Андрэю Даніловічу 15 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Ператрус у Навагрудку
У Наваградку супрацоўнікі міліцыі прыйшлі з ператрусам да мясцовай актывісткі Ірыны Трафімік. Жанчыну выманілі з дому, адключыўшы святло.
Ператрус праводзілі людзі з зброяй, пры гэтым акрамя Ірыны у доме знаходзілася яе маленькая дачка. Нібыта ператрус быў звязаны са справай аб абразе суддзі Наталлі Лобан, якая раней прысудзіла жанчыне штраф у 100 базавых велічынь.
Раней суд Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў Ірыну Трафімік вінаватай у незаконным пікетаванні з лозунгамі 19 чэрвеня, калі яна адпачывала ў лесе ля ракі Моўчадзь, паблізу вёскі Баравікі Дзятлаўскага раёна. Паводле пратаколу, жанчына «публічна дэманстравала сцяг бел-чырвона-белай афарбоўкі, які быў у яе руках, пры гэтым выкрыквала лозунг «Жыве Беларусь!», паведамляе «Гарадзенская вясна».
Суд за сарваны сцяг
30 ліпеня суд Смаргонскага раёна разгледзеў крымінальную справу паводле арт. 370 КК у дачыненні да 17-гадовага Аляксея Краўцова, які 29 траўня на спрэчку з сябрамі сарваў дзяржаўны сцяг з Дома культуры аграгарадка Жодзішкі, зламаўшы пры гэтым дрэўка сцяга коштам 2 рублі 65 капеек.
Пракурор патрабуе пакараць хлопца годам абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу (так званай «хатняй хіміяй»). Прысуд будзе абвешчаны ў панядзелак 2 жніўня, паведамляе «Гарадзенская вясна».
Чарговы суд за абразу
У кастрычніку 2020 года мужчына на старонцы ў «Однокласниках» пакінуў абразлівы каментар у адрас начальніка ўпраўлення Гродзенскай ДАІ. Дзеянні мужчыны кваліфікаваныя па арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады». Падчас размовы з праваахоўнікамі мужчына прынёс прабачэнні, паведамляе міліцыя Гродна.
Кратко:
- Палкоўнік з Гродна ўзначаліць міліцыю ў Гомелі.
- Сайт і сацсеткі «Б****т» прызналі экстрэмісцкімі.
- У Мінску пачалі судзіць фігурантаў «цукровай справы».
- Інстытут Гётэ 30 ліпеня прыпыніў сваю працу ў Беларусі.
- «Вечар каля млына» ў Караліно адмянілі. Прычына — райвыканкам не даваў дазвол.
- Ігар Банцэр праз 1,5 месяцы на «хіміі» пачаў атрымліваць медыцынскую дапамогу. У яго праблемы са страўнікам пасля сухой галадоўкі і гепатыт.
- Кіраўнік Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка паведаміла ў Facebook, што па патрабаванні ўладаў Беларусі яе дадалі ў спіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.
- Ад палітвязня Дзяніса Івашына па-ранейшаму не выпускаюць лісты з турмы.
Чытайце таксама: