У «Каралінскім фальварку Тызенгаўза» пад Гродна 30 ліпеня павінна была адбыцца музычная імпрэза «Вечар каля млына». Але за тры дні арганізатары і музыкі паведамілі пра адмену мерапрыемства. Прычына — адсутнасць дазвола ад райвыканкама.

«Тое, што нам сказалі арганізатары, выглядала наступным чынам. Дырэктару фальварка патэлефанавалі з райвыканкама і задалі пару пытанняў: чаму мерапрыемства не запісана ў іх спісах, чаму не наймаем МНС, хуткую дапамогу і ахову? Адпаведна, няма дазвола на правядзенне. І па выніку ў нас COVID-19 і ўвогуле нельга праводзіць нічога», — распавёў Hrodna.life адзін з музыкаў.

“Вечар каля млына” ў Караліно адмянілі. Прычына - райвыканкам не даваў дазвол
Афіша аб адмене мерапрыемства.

У мерапрыемстве планавалі ўзяць удзел гурты: «PTBS», «Nickogloire», «The caves» і «Grodno-Hard-Blues-Band».

Па словах музыкаў з гурту «PTBS», на канцэрт збіралася шмат чалавек, бо на іх першы выступ з-за абмежаванасці месца патрапілі не ўсе жадаючыя.

«Мы проста перанеслі мерапрыемства. На якую дату — пакуль невядома», — распавёў Hrodna.life арганізатар Ігар Бірюкоў.

Адмена мерапрыемства засмуціла музыкаў. «Шмат знаёмых хацелі прыйсці, да і сама падрыхтоўка з нашага боку была вельмі напружнай».

У любым выпадку арганізатары будуць спрабаваць атрымаць дазвол ад уладаў і правесці імпрэзу да канца лета.

Датэлефанацца ў Гродзенскі райвыканкам, каб атрымаць каментар наконт адмены мерапрыемства, у рэдакцыі Hrodna.life не атрымалася.

Месяц таму, 25 чэрвеня адбываўся папярэдні «Вечар каля млына». Тады ніякіх пытанняў у райвыканкама не ўзнікла.