Прыватная ўстанова “Цэнтр дадатковай адукацыі дарослых “Студыя карысных кампетэнцый” таксама знаходзіцца ў стане ліквідацыі. Так вырашыў Гродзенскі гарвыканкам 23 ліпеня. Тады ж прынялі рашэнне пра ліквідацыю “Гродзенскага рок-клуба”. Дырэктарка ўстановы Лана Руднік пракаментавала сітуацыю ў сваім акаунце ў Facebook.
“Студыя карысных кампетэнцый” пачала працу ў снежні 2014 года. Мэта ўстановы – спрыянне развіццю асобы, атрыманню ведаў і ўменняў, неабходных для жыцця. “Студыя” прапануе разнастайныя курсы, трэнінгі, майстар-класы, якія дапамогуць атрымаць карысныя веды і кампетэнцыі. За час існавання “Студыі” было арганізавана больш за 100 курсаў, больш за 50 тэматычных трэнінгаў і майстар-класаў, у праграмах установы ўдзельнічала больш за 1500 чалавек. У “Студыі” ёсць партнёры ў Беларусі, Польшчы, Літве, Грузіі, Украіне, Расіі, Германіі, Арменіі.
– Мы з мужам пачалі сваю працу ў некамерцыйным сектары з сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя. На нашых вачах раслі і развіваліся асобы, прафесіяналы, новыя арганізацыі. Нас шмат хто ведае не толькі ў Беларусі, але і на міжнародным узроўні. Дзе б мы не былі, мы прэзентавалі сябе, свае справы, свой горад і краіну на годным узроўні, – узгадала Лана.
Яе муж Вітаўт Руднік – адзін са стваральнікаў грамадскай арганізацыі «Цэнтр «Трэці сектар». Арганізацыю правярае Упраўленне юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама.
Лана адзначыла, што знайшла інфармацыю пра ліквідацыю “Студыі карысных кампетэнцый” самастойна – ёй пра гэта не паведамілі.
– Адбылося гвалтоўнае закрыццё альбо ліквідацыя тых, хто бачыў місіяй сваёй вырашэнне грамадска-значных праблемаў, дапамогу тым, каму баліць. Каму не хапае ўвагі, каму не хапае інфармацыі, хто хоча развівацца. <…> Чаму так адбылося? Напэўна, пры папушчальніцтве большасці, пры нашым раўнадушшы, пры тым, што часта маўчалі, дзе трэба было крычаць, – лічыць Лана.
Тым не менш, яна з камандай працягне працаваць. “Мы не кінем у самоце людзей, якія былі разам з намі. Мы знойдзем новыя фарматы і новыя месцы для працы. Мы ганарымся ўсім тым, што зрабілі дагэтуль і зробім яшчэ больш”, – заключыла дырэктарка.
Чым займаецца “Студыя карысных кампетэнцый”?
Сярод самых вядомых праграм і праектаў, якія рэалізуе “Студыя”: “Універсітэт Залатога Веку” для сталых людзей, Школа Сучаснай Журналістыкі, школы і курсы па медыяпісьменнасці для падлеткаў і сталых людзей, школа па развіцці медыякампетэнцый “PRodvizhenie”, школа сацыяльнага прадпрымальніцтва Good Impact, кампанія “Горад, прыязны да сталых людзей” і іншыя.
Масавая ліквідацыя трэцяга сектара
За апошні тыдзень беларускія ўлады ліквідавалі дзясяткі беларускіх недзяржаўных арганізацый — не менш за 40. Сярод іх курсы беларускай мовы «Мова Нанова» і “Гродзенскі рок-клуб”.



