У адрас санітарнай службы скаргаў на нездавальняючыя ўмовы ўтрымання ў турме № 1 Гродна ў 2020 і 2021 годзе не паступала. Гэта вынікае з ліста медыцынскай службы Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў па Гродзенскай вобласці, які рэдакцыя Hrodna.life атрымала ў адказ на свой зварот.
Што мы хацелі даведацца ў запыце?
- як часта па рэгламенце праводзяць праверкі санумоваўуў ізалятарах і якія патрабаванні да ўмоў існуюць,
- вынікі апошняй праверкі,
- хто і як часта ацэньвае якасць ежы ў гродзенскай турме, яе адпаведнасць патрабаванням і нормам,
- сітуацыі з каранавірусам у ізалятарах: як дыягнастуецца і якія меры прымаюцца.
Чаму мы заняліся гэтай тэмай?
Людзі, якія пабылі ў турме № 1, скардзіліся на волкасць, цвіль у камерах, дрэнную вентыляцыю, адсутнасць уборкі, адсутнасць умоў для жаночай гігіены.
«Разводы грыбка на сценах можна разглядаць, як у дзяцінстве — аблокі, што плылі па небе. Тут — заяц з рамонкам у зубах. Тут — анёлы з трубамі, як на Фарным касцёле. Гэтыя палоскі - марскі пейзаж з заходам сонца. У куце, дзе цвілі асабліва шмат, карціны, што ўсплываюць ва ўяўленні, падобныя да афортаў. <…> Над унітазам сетка трэшчынак і рудыя падцёкі. Па каларыстыцы падобна на старых гербарыяў Элізы Ажэшкі. Бледна-іржавыя разводы — як папараць па галінках-расколінах. Такія вісяць у аптэцы-музеі, за некалькі муроў адсюль», — пісала пра свае тры дні ў ізалятары на Кірава, 1 рэдактарка спецпраектаў Hrodna.life Ірына Новік.
«Крупы не звараная, усё халоднае, рыба пажараная на адпрацаваным, думаю, гадамі алеі, катлета — другі хлеб», — напісала дырэктарка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка ў Facebook, пасля таго як пабывала ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Гая ў Гродне.
Скаргаў на нездавальняючыя ўмовы не паступала, запэўніваюць у медслужбе.
Чытайце таксама:
- Под сакурой и с принцессой. Ирина Новик — о гродненской тюрьме и «лечебном» голодании на сутках
- «Добавили грамм лаврового листа — получили штраф в $ 400». Кто поставляет в изолятор Гродно обеды с «совдеповскими» котлетами
- Унитаз затыкают хлебом, веревки делают из пакетов. Как выживают заключенные в гродненской тюрьме
Што адказалі Hrodna.life?
Акрамя таго, што скаргаў ад грамадзян на ўмовы не паступала, з адказу за подпісам начальніка службы Міхаіла Пранько ўдалося даведацца наступнае:
- Праверкі ізалятараў «ажыццяўляюцца ва ўстаноўленым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».
- Спецыялісты кіруюцца «патрабаваннямі дзеючых прававых актаў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».
- У выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства ў галіне санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту «прымаюцца адпаведныя меры рэагавання».
- Пры рэгістрацыі інфекцыйных захворванняў у турме і следчым ізалятары «своечасова праводзіцца комплекс неабходных супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў».