Тры крымінальныя справы за абразу прадстаўніка ўлады і адно – за “блюзнерскае стаўленне” да сцяга разглядаюць у Гродне. Тыдзень адзначыўся “зачысткай” і ціскам на журналістаў і актывістаў. У тым ліку і на Hrodna.life – наш Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім. Мы вывучылі, як прайшоў тыдзень з 5 па 11 ліпеня ў Гродне і вобласці.

“Блюзнерскае стаўленне” да сцяга

17-гадоваму жыхару Смаргонскага раёна інкрымінавалі здзек над дзяржаўным сцягам (арт. 370 КК). Пракуратура накіравала справу ў суд. Хлопца адправілі “пад нагляд”.

Паводле версіі абвінавачвання, 29 траўня 2021 года а 23.30 хлопец “наважыў прадэманстраваць сваё абразлівае і блюзнерскае стаўленне да дзяржаўнага сцяга і сарваў яго з фасада будынка Жодзішкаўскай сельскай бібліятэкі”.

У Гродне вызначылі месцы для мерапрыемстваў

Гарадскія ўлады рэкамендавалі праводзіць масавыя мерапрыемствы ў Каложскім парку і лесапарку Румлеўскі. Акрамя гэтага, Гродзенскі гарвыканкам прама забараніў правядзенне масавых мерапрыемстваў на плошчы і вуліцы Савецкай, плошчы Леніна і ў парку Жылібера.

Месцы правядзення масавых мерапрыемстваў вызначаны ў адпаведнасці з абноўленым законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Рашэнне гарвыканкама №460 апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 6 ліпеня.

У вобласці правяраюць тэрытарыяльную абарону

З 6 ліпеня праводзіцца першы этап комплекснай праверкі тэрытарыяльнай абароны Гродзенскай вобласці. Падчас праверкі мясцовыя органы ўлады Мастоўскага раёна сфарміруюць штаб тэрытарыяльнай абароны і асобны стралковы батальён тэрытарыяльных войскаў.

Падчас камандна-штабнога вучэння тэрытарыяльныя войскі разам з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў на практыцы адпрацуюць пытанні аховы важных аб’ектаў і барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі праціўніка.

Лагер, дзе дзеці прымяраюць экіпіроўку міліцыі

На базе Мастоўскага РАУС сёлета адкрылі летні аздараўленчы лагер «Навабранцы».

Школьнікі прымерылі на сябе экіпіроўку міліцыі, пабывалі ў музеі УУС і музеі турмы №1 у Гродне, а таксама ля Кургана Славы. Дзяцей навучалі, як дзейнічаць пры масавых беспарадках і як прымяняць прыёмы самаабароны.

Суд за заклікі да тэрарызму і лагер, дзе вучаць дзеянням пры масавых беспарадках. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Лагер “Навабранцы”. Фота: mosty-zara.by

Абраза прадстаўніка ўлады

16 чэрвеня пракуратура Гродзенскай вобласці распачала крымінальную справу па артыкуле 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады» у дачыненні да 53-гадовага жыхара Слоніма.

Мужчына абразіў прадстаўніка ўлады ў групе ў «Аднакласніках». Падазраваны прызнаў віну і сказаў, што быў у не зусім адэкватным стане і не аддаваў сабе справаздачу.

https://www.youtube.com/watch?v=t90faChv_sg&ab_channel=%D0%A3%D0%92%D0%94%D0%93%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D0%BE

Яшчэ адна абраза прадстаўніка ўлады

Затрымалі гродзенца, які ў студзені 2021 года ў Telegram-канале, прызнаным экстрэмісцкім, размясціў абразлівы каментар у дачыненні да ўчастковага Ленінскага раёна Гродна.

Падазраваны сваю віну прызнаў і раскаяўся. Ён – падазраваны па арт. 369 КК, цяпер знаходзіцца ў ізалятары.

https://www.youtube.com/watch?v=Ve-VYqr8MVA&ab_channel=%D0%A3%D0%92%D0%94%D0%93%D1%80%D0%BE%D0%B4%D0%BD%D0%BE

Асудзілі лекара

8 ліпеня ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна вынеслі прысуд ўрачу ультрагукавой дыягностыкі Алены Фадзеевай. Яе абвінавацілі ў «знявазе прадстаўніка ўлады» па артыкуле 369 КК.

Суддзя вынес прысуд: 2,5 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”). Таксама лекар павінна будзе заплаціць абражанаму 900 рублёў. Яе тэлефон канфіскавалі «як сродак здзяйснення злачынства».

Раней, 7 лістапада 2020, Алена Фадзеева ўдзельнічала ў акцыі медыкаў каля гарадской клінічнай бальніцы № 1. За гэта ёй прысудзілі штраф па арт 23.34 КаАП. У сакавіку 2021 года доктара звольнілі з дзіцячай паліклінікі, паведамляе Telegram-канал “Белые халаты”.

Суд за заклікі да тэрарызму

Гродзенскі абласны суд працягвае разглядаць крымінальную справу 29-гадовага Леаніда Герасімлюка. Яго абвінавачваюць у публічных закліках да гвалту і здзяйснення актаў тэрарызму. Нібыта ён размяшчаў іх у кастрычніку-лістападзе 2020 года ў адным з публічных Telegram-чатаў і ўчыняў іншыя дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (ч. 3 артыкула 361 КК).

Справу разглядае суддзя Уладзімір Яўхута, дзяржабвінаваўца – Анжаліка Клішына. Леаніда Герасімлюка затрымалі 25 лютага і змясцілі ў СІЗА № 1 Гродна. Сваёй віны ён не прызнае. Па яго словах, пры затрыманні яго збілі.

Коратка:

  • Ужо трое пацярпелых амапаўцаў у Гродне адмовіліся ад іску аб маральнай кампенсацыі.
  • Упраўленне юстыцыі пачало правяраць гродзенскую грамадскую арганізацыю «Цэнтр «Трэці сектар».
  • Былая каманда TUT. ВУ запусціла новае медыя, але яго ўжо блакуюць.
  • Сілавікі прыйшлі адразу ў некалькі рэгіянальных выданняў у чацвер. У пятніцу затрыманні працягнуліся.
  • Telegram-канал Hrodna.life прызналі экстрэмісцкім.
  • Затрыманага ў Гродне анестэзіёлага асудзілі на 30 базавых.
  • Жыхар Смаргоні працаваў у «А1» і размясціў у Telegram звесткі сілавікоў. Яго асудзілі.
  • Звольненыя акцёры з Гродна паказалі ў Вільні «Трэцюю змену»
  • Telegram-канал «Дятлово Для Жизни» прызналі экстрэмісцкім.
  • Памер слонімскі грамадскі актывіст Віталь Ешану.
  • Родным Вітольда Ашурка вярнулі не ўсе яго рэчы. Сярод іх няма дзённіка, які вёў палітвязень.

Чытайце таксама: