Яшчэ адзін пацярпелы па справе Андрэя Сакалоўскага амапавец адмовіўся ад іску аб маральнай кампенсацыі. Пасяджэнне прайшло 5 ліпеня у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Да гэтага двое амапаўцаў адмовіліся ад іску пасля высвятлення супярэчнасцяў у паказаннях. Раней па падобных справах ад іскаў не адмаўляліся.

Амапавец, які назваўся «Васілём Петрусенка», прад’явіў іск да Андрэя Сакалоўскаму, але ў судзе 5 чэрвеня адмовіўся ад яго. Ён быў прызнаны пацярпелым па справе, хоць у той дзень не выязджаў на акцыю на вул.Гарнавых, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна».

Раней ад іску адмовіўся «Андрэй Вавілонаў» — па той жа прычыне. Таксама перадумаў «Леанід Скрабатун». Ён не бачыў Сакалоўскага ў той дзень і пасля паўгадзіны апытання і дачы супярэчлівых паказанняў адмовіўся ад іску.

Паказанні іншых пацярпелых таксама супярэчлівыя, паведамляе праваабарончая арганізацыя «Вясна». Пасяджэнне працягнецца 12 ліпеня ў 10.45. У планах — прагледзець відэа з месца падзей з пацярпелымі і следчым па справе.

Андрэя абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 і арт. 364 КК. Паводле версіі пракурора, 6 верасня 2020 года Андрэй прыняў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ўжыў гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Сярод іншага, на думку пракурора, ён «пасягаў на грамадскі спакой, парушаў умовы адпачынку грамадзян, перашкаджаў руху транспарту». Аўтобусны парк і тралейбуснае ўпраўленне панеслі шкоду прыкладна ў 100 рублёў. Паводле версіі пракурора, Сакалоўскі з іншымі гродзенцамі выстраіліся ў шэраг, падышлі ўшчыльную да амапаўцаў, працягвалі рух, пачалі іх выштурхоўваць сваім целам і хапаць рукамі. Гэтым яны, на думку дзяржабвінавачання, прычынілі амапаўцам фізічны боль і пабоі.

Чытайце таксама: