Моцная залева адбылася ў нядзелю 4 ліпеня. Пад вадой апынуліся вуліцы горада і прыгарада. Hrodna.life сабраў інфармацыю, як пацярпеў горад ад непагадзі.
Якія вуліцы затапіла ў Гродне?
У цэнтры Гродна дождж затапіў вуліцу Калючынскую і Маставую. Колы транспарта былі напалову ў вадзе. На вуліцы Захарава затапіла вырытую для замены цяплавых сетак траншэю. Вуліцу Белуша затапіла разам з тратуарамі, на ёй на пэўны час цалкам спыніўся рух. У мікрараёне Вішнявец падчас залевы затапіла вуліцу Паўднёвую.
Рэкі Гараднічанка і Юрысдыка выйшлі з берагоў. Таксама падняўся ўзровень вады ў Нёмане. У парку Жылібера пашкодзіла тратуар.
Недалёка ад Вішняўца на новай аўтамабільнай развязцы ў Пагаранах заглох аўтамабіль. Рух па новай дарозе распачаўся 2 ліпеня, афіцыйнае адкрыццё (павінна было быць 3 ліпеня — заўв.Hrodna.life) перанеслі на пазнейшую дату. Таксама на новым участку дарогі абрынуўся кавалак асфальта, а каля новага падземнага перахода споўз грунт.
Што затапіла ў прыгарадзе?
У прыгарадзе пацярпела новая дарога ў Зарыцы і дарога ў вёсцы Жылічы. У аграгарадку Путрышкі затапіла вуліцу Фестывальную. Некаторыя дамы затапіла па калена. Ратавальнікі МНС адпампоўвалі ваду.