Трое новых палітвязняў, два новых «экстрэмісцкіх» Telegram-каналы і адзін сардэчны прыступ у палітвязня ў карцэры. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося за тыдзень ад 28 чэрвеня да 4 ліпеня ў Гродне і вобласці.

Суд за званок у міліцыю

У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна 28 чэрвеня адбыўся разгляд крымінальнай справы мясцовага жыхара Аляксандра Бабкіна, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта Беларусі (ч.1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк, дзяржаўны абвінаваўца — Дар’я Гур’янава, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Справа была ўзбуджаная 25 красавіка, трое сутак Бабкін знаходзіўся ў ІЧУ, затым пад падпіскай аб нявыездзе. Паводле абвінавачвання, Бабкін, знаходзячыся ў алкагольным ап’яненні, патэлефанаваў па нумары 102 і зневажальна і негатыўна выказаўся ў адрас прэзідэнта, прынізіў яго гонар і годнасць, тым самым нанёс публічную абразу. Сваю віну Бабкін прызнаў цалкам. 10 жніўня 2020 года яго затрымлівалі і аштрафавалі.

Суд пастанавіў прызнаць Аляксандра Бабкіна вінаватым паводле ч. 1 арт. 368 КК і прызначыць яму адзін год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, таксама ўжыць прымусовае лячэнне ад алкагалізму. Мабільны тэлефон канфіскавалі, кампутар і клавіятуру — вярнулі абвінавачанаму. Падчас зняволення пад варту Бабкін паспеў выгукнуць «Жыве Беларусь!» і «Будзьма свабоднымі!».

Чатыры "крыміналкі" за абразу прэзідэнта і тры - за абразу міліцыянта. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці
Аляксандр Бабкін ў судзе. Фота: Г***дзенская вясна

Тры новыя справы за абразу і паклёп на прэзідэнта

Пракуратура Лідскага раёна 28 чэрвеня распачала крымінальную справу за абразу прэзідэнта ў адным з публічных чатаў у Telegram. Справу накіравалі ў Лідскі раённы аддзел Следчага камітэта.

Пракуратура Гродна пры маніторынгу ўстанавіла, што неўстаноўленая асоба ў прызнаным экстрэмісцкім Telegram-канале размясціла паведамленне, якое змяшчае публічную абразу прэзідэнта.

Пракуратура Ашмянскага раёна пры маніторынгу ўстанавіла, што неўстаноўленая асоба ў Telegram-чаце «Ошмяны для жизни» размясціла паведамленне, якое змяшчае «бяздоказныя, загадзя ілжывыя, ганебныя для прэзідэнта асабістыя выдумкі, злучаныя з абвінавачваннем у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства». 28 чэрвеня пракуратура Ашмянскага раёна ўзбудзіла крымінальную справу за паклёп у дачыненні да кіраўніка дзяржавы.

Прысуд за абразу міліцэйскага начальніка

На два гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») 29 чэрвеня асудзіла Таццяну Кашко суддзя Алена Пятрова за абразу міліцыянта. Менавіта столькі запрасіла памочнік пракурор Юлія Шчарбіна, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Таксама Таццяна Кашко абавязаная выплаціць намесніку начальніка міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Віталю Стасюкевічу 2000 рублёў маральнай кампенсацыі. Грошы міліцыянт абяцаў пералічыць у дзіцячы дом.

Суд за паклёп на прэзідэнта

57-гадовага настаўніка англійскай мовы Свіслацкай сярэдняй школы № 2 Вячаслава Караткевіча асудзілі за паклёп на прэзідэнта (ч.2 арт. 367 КК). Суд вёў старшыня Свіслацкага раённага суда Валерый Цыбульскі.

Настаўнік нібыта абгаварыў прэзідэнта на сустрэчы з кіраўніцтвам Свіслацкага выканкама 20 жніўня 2020 года. 30 чэрвеня яго прысудзілі да аднаго з паловай года калоніі агульнага рэжыму. Вячаслава ўзялі пад варту, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Яшчэ адзін прысуд за абразу міліцыянта

Мінчуку Вадзіму Цішкевічу 1 ліпеня прысудзілі 1 год і 8 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу за публічную абразу прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 КК. Акрамя гэтага, па грамадзянскім іску ён павінен выплаціць міліцыянту 500 рублёў маральнай кампенсацыі, паведамляе «Г***дзенская вясна».

Першапачаткова суддзёй на працэсе быў Руслан Хіхол, аднак ён прызначаны старшынёй Карэліцкага раённага суда. Новым суддзёй на працэсе стаў Максім Галубовіч. Бок абвінавачвання ўяўляла пракурор Ганна Кароль. Пацярпелым па справе фігураваў участковы Гродзенскага УУС Ілля Каяч.

Коратка:

  • Падчас знаходжання ў карцэры ў палітвязня і гродзенскага журналіста Дзяніса Івашына здарыўся сардэчны прыступ. Пазней прэс-служба МУС паведаміла, што яго стан задавальняючы. Шон Хогі, член Палаты прадстаўнікоў Ірландыі, прыняў «хроснае бацькоўства» над палітвязнем.
  • Браты Уладзімір і Юрый Седзянеўскія паехалі адбываць «хімію». Уладзіміра Седзянеўскага накіравалі ў Віцебск, Юрыя Седзянеўскага — у Гомель. Іх прызналі палітвязнямі.
  • Андрэя Герасімовіча таксама прызналі палітвязнем.
  • Інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала «Свислочь для жизни» прызналі экстрэмістскай. Таксама прызналі экстрэмістскім Telegram-канал «Честный Гродно».
  • Больш за 200 відэа супраць санкцый запісалі ў Гродзенскай вобласці.
  • Актывістка «ІнфаСпецНаз» Вольга Бондарава спагнала з палітвязня 1000 рублёў за маральныя пакуты.
  • Затрыманы ў Гродне анестэзіёлаг распавёў пра тры дні ў ІЧУ і адміністрацыйку за «Пагоню».
  • Здароўе Анжалікі Борыс пагоршылася, яна пагадзілася на выезд у Польшчу. Інфармацыі пра здароўе Анджэя Пачобута Дэпартамент выканання пакаранняў не дае.
  • У Гродне звольніўся галаўны ўрач «Псіхіатрыі-Наркалогіі».
  • Даведаліся, колькі каштуе салют, які запусцілі з даху гарвыканкама 3 ліпеня.
  • Суд за счэпку у верасня працягнуўся. Тром жанчынам зачыталі абвінавачанне. Суд прадоўжыцца 9 ліпеня — дапытаюць пацярпелых амапаўцаў.
  • У гродзенскай турме зачынілі краму.

Чытайце таксама: