Грамадскія абмеркаванні і прэзентацыя праекта па рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Фламінга» адбыліся 30 чэрвеня ў Гродзенскім гарвыканкаме. Нязгодныя з павялічэннем гандлёвага цэнтра жыхары бліжэйшых дамоў на сустрэчу не прыйшлі.

Абмеркаванне распачалося з выступа праекціроўшчыка. Ён распавёў пра змены, якія прынясе пашырэнне гандлёвага цэнтра. Гэта павялічэнне колькасці парковачных месцаў, новы заезд у двор з вуліцы Лізы Чайкінай, а таксама рэканструкцыя дваровых тэрыторый і стварэнне там дзіцячай і спартовай пляцоўкі.
Што кажуць жыхары бліжэйшых дамоў?
Жыхары бліжэйшых да «Фламінга» дамоў на абмеркаванне не прыйшлі. Намеснік кіраўніка Упраўлення будаўніцтва, архітэктуры і градабудаўніцтва Казімір Гецэвіч зачытаў зварот жыхароў дамоў № 78 і № 80 па вуліцы Соламавай: «Калі плошча павялічыцца на 2000 кв.м., гэта значыць павялічыцца аб’ём пастаўляемага тавара. Нават уявіць цяжка, колькі будуць стаяць машыны. Як адкрыць вокны на праветрыванне?»
«Дом № 80 аддзелены зялёнай зонай дрэваў. Уласнік „Фламінга“ абяцае нам арганізаваць дадатковую паркоўку для машын, але наш дом і так аточаны паркоўкамі. Навошта яшчэ адна?»
«Дому больш за 40 гадоў. Падчас будаўніцтва, 10 год таму, жыхары сутыкнуліся з праблемай шчылін у столях кватэраў. Такія праблемы могуць прывесці да парушэння цэласнасці дома. Хто можа даць гарантыі, што з нашым домам нічога не адбудзецца?»
«Гэтую рэканструкцыю можна зрабіць толькі прыбраўшы зялёную зону, але гэта проста варварства. Уся зялёная зона — гэта здароўе нашых дзяцей».
Пазіцыя ўладаў: «Горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі»
«У нас сёння горад перанасычаны гандлёвымі аб’ектамі ў спальных раёнах. Што тычыцца раёнаў Грандзічы, Лідская, Магістральная, новы Фолюш. Калі ласка, ніякіх пытанняў», — заявіў намеснік старшыні гарвыканкама Андрэй Болтрык. З яго словаў, гандлёвых цэнтраў шмат, але не там, дзе трэба: у новых раёнах іх не хапае, у старых — ужо занадта шмат.
Улады не збіраюцца даваць згоду на правядзенне рэканструкцыі, пакуль згоды не дадуць жыхары. Маўляў, пагоршваць умовы жыцця жыхароў няма неабходнасці.

Летам 2019 года ўжо планавалася рэканструкцыя гандлёвага цэнтра «Фламінга». Але пасля грамадскіх абмеркаванняў праект прызналі немэтазгодным.