Краму «Ратушный» закрыюць у канцы чэрвеня. Кафетэрый ужо не працуе з 1 чэрвеня. Прычына закрыцця — стратнасць аб’екта.
«Ратушный» — гэта філіял Гандлёвага дома «Баторыя», які належыць дзяржаўнаму прадпрыемству «ГроднаГандальСервіс». Памяшканні пад крамы і кафетэрый арандаваліся ў УЖРЭП Ленінскага раёна. Зараз уласнік будзе шукаць новага арандатара.
Гандаль гаспадарчымі таварамі пераедзе ў невялікае памяшканне побач з крамай «Баторыя», дзе раней была крама «Связной», піша «Вечерний Гродно».
Раней таксама з-за стратнасці закрылася найстарэйшая гродзенская цырульня, якая знаходзілася ў тым самым будынку.
Што было раней у гэтым будынку?
Крама «Ратушный» знаходзіцца па адрасе вул. Савецкая, 1. Пры каралі Стэфане Баторыі на гэтым месцы знаходзілася карчма. У XVIII стагоддзі - палац Сангушак, які пазней перайшоў да Антонія Тызенгаўза. У сутарэннях будынка знаходзіліся гродзенскія вінныя паграбы, а зараз — прыватная пякарня.
На пачатку ХХ стагоддзя ў будынку былі жылыя кватэры, крамы абутку, бакалеі і каланіальных тавараў, аптэка Клінкаўштэйна, банкаўская кантора, а таксама фотамайстэрня Лейбы Гельгора.
У міжваенны перыяд тут знаходзілася прадстаўніцтва фірмы «Зінгер», крама адзення «Мадэрн», крама ровараў і матацыклаў, радыё-фотапаратуры і электратавараў, а таксама турбюро «Орбіс».
У савецкія часы тут адкрылі дыетычную сталовую, а пасля краму «Игрушки».