26 траўня бацькам Дзмітрыя Фурманава Аляксандру і Вользе адмовілі ў спатканні з сынам. Палітвязню падоўжылі знаходжанне ў карцэры да 1 чэрвеня. Да гэтага Дзмітрый ужо правёў у карцары турмы №1 Гродна сем сутак.

Абноўлена 31 траўня. Дзмітрый Фурманаў будзе ў карцэры да 8 чэрвеня, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Дазвол на спатканне ад суддзі атрымалі, распавяла ў Facebook дзяўчына Дзмітрыя Вольга Каракіна. 19 траўня спатканне перанеслі па той жа прычыне – знаходжанне ў карцары.

– Пасля смерці палітвязня Вітольда Ашурка ў карцары мы ўсе вельмі моцна занепакоеныя здароўем Дзімы, бо невядома, што там робяць з палітвязнямі! Катаванні, збіццё, прыніжэнне, псіхатропы, ды ўсё што заўгодна, каб зламаць… <…> Размаўляла цяпер з імі, вельмі страшна чуць, як мама Дзімы рыдае, – напісала Вольга.

“Можа быць, яго збілі”

– Вельмі трывожна на душы. Такія думкі, што, можа быць, яго так збілі, каб не відаць было. Два спатканні мы ўжо прапусцілі з-за гэтых карцэраў, – сказаў Аляксандр Hrodna.life.

У сярэдзіне траўня Фурманава адправілі ў карцэр пасля таго, як ён прысеў на ложак у неналежны час, а наглядчык напісаў рапарт, што ён ляжаў. Яго выклікалі на прафілактычную гутарку, дзе тлумачэнні Дзмітрыя не сталі слухаць. Пасля гэтага ён замаўчаў у знак пратэсту і атрымаў сем сутак карцару. За што Фурманаў атрымаў карцар другі раз, бацькі не ведаюць.

У карцары абвінавачаны знаходзіцца адзін у камеры, яму нельга чытаць, пісаць і атрымліваць лісты, хадзіць на шпацыр, хадзіць на спатканні. У камеры прыбіраюць ложак і матрац. Як правіла, распавёў Аляксандр, гэтыя камеры размяшчаюцца ў падвале, з-за чаго там холадна і сыра.

“Ён хлопец моцны духам”

З пачатку судовага разбіральніцтва ў студзені, калі абвінавачаных перавезлі ў турму № 1 Гродна, у Дзмітрыя з бацькамі было чатыры спатканні. У асноўным Фурманавы бачаць сына на судовых пасяджэннях. Адвакат паведамляе, што “Дзіма бадзёры, настроены добра, духам не падае, — распавядае бацька. — Мы самі бачым — ён хлопец моцны духам. Ён нас падтрымлівае, не тое, што мы яго. Лісты добрыя піша”. Лісты бацькам прыходзяць прыкладна раз у тыдзень — часцей, чым калі ён быў у СІЗА Мінска і Жодзіна. Дзмітрыю жа прыходзяць сотні лістоў ад беларусаў, на якія ён імкнецца адказаць.

– Мы былі вельмі засмучаныя, таму што два спатканні не атрымлівалася ўбачыць яго. Перадачу перадавалі – не дайшла. Ну, і трывожымся, вядома ж, трывожымся, — распавядае Аляксандр. У мамы Дзмітрыя з – за перажыванняў праблемы з ціскам, яна часта плача. Па словах Аляксандра, Дзмітрый адчувае віну з-за таго, што бацькі ўжо год жывуць “на ўзводзе”.

Дзмітрый Фурманаў – палітвязень, які праходзіць абвінавачаным па “справе Ціханоўскага”. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК “Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Па словах пракурора, Фурманаў дапамагаў шукаць Ціханоўскаму саўдзельнікаў за ўзнагароджанне. Пракурор запатрабаваў яму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 31 траўня пройдзе апошняе слова абвінавачаных. Шэсць сутак ён і яго дзяўчына Вольга трымалі галадоўку. Улетку 2020 года дзяўчына і мама палітвязня абвяшчалі галадоўку, каб дапамагчы Дзмітрыю.

Чытайце таксама: