Тром гродзенцам запыталі пакаранне па “справе Ціханоўскага”. Мясцовых актывістаў аштрафавалі за БЧБ-сцяг. Палітвязень Вітольд Ашурак памёр у калоніі праз некалькі дзён пасля паведамлення аб жоўтых бірках у “палітычных”. Рэдакцыя Hrodna.life сабрала кепскія навіны за тыдзень. Але знайшлося месца і адной добрай.
Штраф за БЧБ-сцяг у аўтамабілі
Грамадскага актывіста і гаспадара сядзібы “Гасціна” Віталя Карабача з вёскі Пескі 17 траўня суд Лідскага раёна аштрафаваў на 30 базавых велічынь (870 рублёў). Суддзя Максім Філатаў палічыў, што ён праводзіў “несанкцыянаванае масавае мерапрыемства”. Пікетам палічылі БЧБ-сцяг у аўтамабілі Карабача, які стаяў на яго прыватнай тэрыторыі за плотам.
Віталя Карабача затрымалі на яго ўласным падворку, амаль трое сутак ён правёў у зняволенні ў Лідскім ізалятары, піша “Гарадзенская вясна”.
Штраф – 40 базавых, а БЧБ-сцяг – знішчыць
Палітычнага актывіста Мікалая Уласевіча з мястэчка Варняны 17 траўня ў судзе Астравецкага раёна асудзілі за нібыта правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства. Так кваліфікавалі міліцыянты і так вызначыў суд факт вывешвання Уласевічам у сваёй альтанцы на ўласным падворку бел-чырвона-белага сцяга.
Суддзя Святлана Лабар пастанавіла не толькі аштрафаваць Уласевіча на 40 базавых велічынь (1160 рублёў), але і знішчыць яго асабісты бел-чырвона-белы сцяг. Мікалай Уласевіч не згодны з пастановай і збіраецца яе абскардзіць, піша “Гарадзенская вясна”.
Запыталі пакаранне па “справе Ціханоўскага”
Тром гродзенцам, якіх затрымалі год таму разам з Ціханоўскім, запыталі пакаранне: Яўгену Разнічэнку – тры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Уладзіміру Кнізе – чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму, Дзмітрыю Фурманаву — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Рэдакцыя Hrodna.life узгадала падрабязнасці справы.

Андрэй Пачобут – у Жодзінскім СІЗА
Андрэя Пачобута перавезлі ў жодзінскае СІЗА. Раней яго ўтрымлівалі ў СІЗА №1 Мінска. Журналіста і сябра Саюзу палякаў у Беларусі Андрэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка ў Гродне. Ён у статусе падазраванага па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 КК (здзяйсненне групай асоб наўмысных дзеянняў па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці і рэабілітацыі нацызму), піша “Гарадзенская вясна”.
Калонія за каментар
35-гадовы жыхар Дзятлаўскага раёна атрымаў тры гады калоніі за нібыта “распальванне сацыяльнай варожасці і нацыянальнай варожасці ў сацсетцы”. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў службе інфармацыі пракуратуры Гродзенскай вобласці.
“У 2019-2020 гадах у розных суполках у сацсетцы ён пакідаў экстрэмісцкія па сваім змесце каментары. Мэта іх – распачаць сацыяльную варожасць у дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў, а таксама нацыянальную варожасць”, – распавялі ў пракуратуры.
Сваю віну мужчына прызнаў часткова. У 2018 годзе яго ўжо судзілі за аналагічныя злачынствы.
Судзяць гродзенку з анкалогіяй
У Гродне началі судзіць трох жанчын. Адна з іх – з анкалогіяй. Жанчын абвінавацілі па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і арт. 364 КК «Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Гаворка ідзе пра падзеі 6 верасня 2020 года у Гродне.
Паведамілі аб жоўтых бірках ў “палітычных”
«Палітычных тут не бракуе. Так што сумаваць нагоды няма. Тым больш, што адміністрацыя выдала загад мець жоўты колер бірак на адзенні, і таму палітычных можна адрозніць здалёк», — цытаваў ліст Вітольда Ашурка з шклоўскай калоніі “Рух “За Свабоду”.
Журналіст выйшаў на волю
Відэааператар Андрэй Фралоў каля 20.45 19 траўня выйшаў з Лідскага ІЧУ. Яго сустрэлі блізкія і калегі.
Андрэя Фралова затрымалі ўвечары 4 траўня ў Бярозаўцы і змясцілі у Лідскі ізалятар часовага ўтрымання. Да суда ён знаходзіўся там. Суд над гродзенскім відэааператарам прайшоў 7 траўня ў Лідскім раённым судзе. Ён атрымаў 15 сутак адміністрацыйнага арышту і штраф у 30 базавых велічынь (870 рублёў).
Вобшукі па “справе Аўтуховіча”
У 7.20 раніцы 20 траўня ў кватэру воіна-афганца, маёра запасу Міхаіла Варанца ў Слоніме прыйшлі з ператрусам працаўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. Ператрус доўжыўся прыкладна тры гадзіны. Забралі ноўтбук, тэлефон, сістэмны блок камп’ютара, флэшкі.
Па вяртанні з допыту Міхаіл Варанец патлумачыў, што гэты візіт да яго і канфіскацыя тэхнікі звязаныя з асобай Мікалая Аўтуховіча і справай аб тэрарызме, якое вядзе КДБ, піша “Гарадзенская вясна”.
Ігару Банцэру прысуд пакінулі ў сіле
Музыка Ігар Банцэр паспрабаваў абскардзіць свой прысуд — паўтара года «хіміі» — у Гродзенскім абласным судзе. Яго пакінулі без зменаў.
Справу 20 траўня разглядала судовая калегія ў складзе суддзяў Собалева, Заяц і Рачынскага. У справе ўдзельнічаў пракурор Корда.
Ігара судзілі за танец, які ён выканаў у верасні перад міліцыянтам. Паводле версіі пракурора, ён прадэманстраваў пры гэтым свае геніталіі. Сам Ігар настойваў: ён быў у стрынгах, так што міліцыянт не мог бачыць яго голым.

Смерць палітвязня
Актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак памёр у папраўчай калоніі № 17 Шклова. Аб яго смерці СМІ паведамілі 21 траўня. Меркаваная прычына — спыненне сэрца.
Чытайце таксама: Уволили активиста, ужесточили приговор, дали штраф за «Погоню». Как прошла неделя в Гродно и области



