Аркестр “Art College Band” з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў стаў найлепшым на міжнародным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі «JAZZ-TIME 2021». Конкурс прайшоў 16 траўня ў Салігорску.

У конкурсе прымалі ўдзел каля 400 музыкаў, педагогаў, кіраўнікоў джазавых калектываў з Беларусі. Пераможцы – “Art College Band” – атрымалі ў падарунак лічбавы раяль Casio.
Конкурс «JAZZ-TIME» арганізуюць раз на два гады. У ім прымаюць удзел музыкі з краін бліжэйшага замежжа, перадусім Расіі і Украіны. З-за пандэміі “COVID-19” конкурс у 2020 годзе адмянілі, а сёлета ў ім удзельнічалі толькі беларусы. На папярэднім конкурсе, у 2018-м, гродзенскі аркестр заняў другое месца.
“У джазавым накірунку гэта самы лепшы і самы раскручаны конкурс у рэспубліцы. Тут вельмі высокая канкурэнцыя. З-за таго, што конкурс праводзяць раз на два гады, не ўсе маюць магчымасць патрапіць. Я вёз аркестр для ўдзелу і матывацыі. Спадзяванняў на ўзнагародны не было. Тое, што мы атрымалі гран-пры, поўная нечаканасць”, – распавёў Hrodna.life кіраўнік аркестра Сяргей Санец.
Калектыў “Art College Band” Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў існуе з 1997 года, на аснове дысцыпліны “Аркестравы клас”. Сярод удзельнікаў аркестра не толькі студэнты, але і педагогі. Апошнія восем гадоў аркестрам кіруе выкладчык Сяргей Санец.
Акрамя гран-пры студэнты каледжа занялі першае і трэцяе месца ў намінацыі “Саліст-інструменталіст”.
У пятніцу 21 траўня аркестр можна будзе пачуць у канцэртнай зале Гродзенскага каледжа мастацтваў (БЛК, 23). Там адбудзецца трыб’ют-канцэрт амерыканскага джазавага піаніста, 35-разовага ўладальніка “Грэммі” – Чык Корыа. Пачатак у 19:00.



