Гродзенская пракуратура падала пратэст на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна па спрэчцы Гроднавадаканала і 89-гадовай Марыі Ківер. Пенсіянерка недаплаціла за рамонт трубы 977 рублёў з 1877. Суд пастанавіў паменшыць суму доўгу з-за парушэння правоў спажыўца. У пракуратуры гэта палічылі незаконным.
Бабулі прызначылі маральную кампенсацыю
12 красавіка суд Кастрычніцкага раёна Гродна вынес рашэнне па спрэчцы Гроднавадаканала з 89-гадовай Марыяй Ківер. У траўні 2020 года пенсіянерка атрымала рахунак за рамонт трубы на 1877 рублёў. Жанчына не змагла аплаціць такую суму, хоць і аддала ўсе свае зберажэнні - 900 рублёў.
- Больш падрабязна аб гэтай гісторыі чытайце ў матэрыяле Hrodna.life «Нет такого механизма, чтобы списать этот долг». Гродноводоканал судится с 89-летней бабушкой из-за недоплаты за ремонт трубы.
Раённы суд прызнаў не адпаведным закону пункт дамовы, у якім фіксавалася цана рамонту ў 1877 рублёў. Суд абгрунтаваў гэтае рашэнне парушэннем Закона аб абароне правоў спажыўцоў. У прыватнасці, пенсіянерку пісьмова не папярэдзілі пра тое, што ў канчатковую суму дададуць кошт аднаўлення асфальту. У выніку жанчыне дазволілі разлічыцца па першапачатковай смеце на 1503 рубля. Акрамя таго, ёй прызначылі маральную кампенсацыю ад Гроднавадаканала ў памеры 200 рублёў.
Пракуратура: суд не ўлічыў усе факты
Пракуратура Гродна палічыла рашэнне суда Кастрычніцкага раёна незаконным і падала апеляцыйны пратэст, паведаміў Hrodna.life прадстаўнік пенсіянеркі - старшыня Таварыства абароны правоў спажыўцоў «Рэвізор» Алег Калінкоў. Апеляцыю разгледзіць Гродзенскі абласны суд, дата пакуль не прызначаная.
Намеснік пракурора Гродна Аляксандр Южык у звароце ў судовую калегію абгрунтоўвае пазіцыю пракуратуры тым, што суд першай інстанцыі не ўлічыў «усе факты, якія ўваходзяць у прадмет даказвання па справе». Ён спасылаецца на палажэнні Грамадзянскага кодэкса, па якім падрадчык мае права патрабаваць аплату за непрадугледжаныя працы, калі дакажа неабходнасць неадкладных дзеянняў у інтарэсах заказчыка.
Збіраць на доўг з пенсіі прыйдзецца амаль 100 месяцаў
Аварыя, праз якую 89-гадовая пенсіянерка трапіла ў суд, здарылася ў кастрычніку 2019 года. Пад праезнай часткай пацякла труба. Высветлілася, што вадаправод папсаваўся на ўчастку, які вядзе ад цэнтральнай сеткі да прыватнага дома Марыі Ківер. Па беларускіх законах, рамонт у такіх выпадках аплачвае спажывец.
У бабулі адключылі ваду, таму што грошай на рамонт яна не знайшла. Вентыль перакрылі, каб не было ўцечкі. Да таго ж вада трапляла на ўчастак суседа. Жанчына 7 месяцаў правяла без вады і ў выніку пагадзілася на рамонт. Але атрымаўшы рахунак на 1877 рублёў, зразумела, што не зможа яго аплаціць.
«Пенсія мая 400 рублей. Заплачу за услугі, накупляю лекарства і еле дажыву. Другі раз дажэ не астаецца 200 рублей на еду. За камунальныя 118, на лекартсва — да 100 рублей. Ад даўленя таблеткі, ад сэрца, ад печані,» — распавядала Hrodna.life Марыя Ігнацьеўна. Паводле яе слоў, яна аддала ў кошт доўгу ўсе грошы, якія збірала на пахаванне. У месяц на аплату рамонту вадаправода атрымлівалася адкладаць па 10−20 рублёў. На дадзены момант недаплата складае 977 рублёў.