Новости

За налепку «Пагоня» на аўтамабілі гродзенцу давялося даваць тлумачэнні ДАІшніку і ўчастковаму

Тыдзень супрацоўнік ДАІ і ўчастковы тэлефанавалі гродзенцу Максіму Саўко праз налепку «Пагоня» на яго аўтамабілі. Спачатку супрацоўнік ДАІ казаў аб парушэнні правілаў дарожнага руху. Пазней участковы паведаміў, што на Максіма паступіла заява ад ананіма. Сітуацыя вырашылася тым, што налепку папрасілі зняць, а ў Максіма ўзяў тлумачэнні ўчастковы.

Максіму Саўко, на якога зарэгістраваны аўтамабіль, 24 красавіка патэлефанавалі з ДАІ і паведамілі, што на яго паступіла заява. Патлумачыць сутнасць прэтэнзій супрацоўнік ДПС адмовіўся. «Людзі скардзяцца. Мы адзін бок выслухалі, трэба іншы, разумееце?», — сказаў ён. Максім растлумачыў, што за рулём цяпер яго жонка, яе нумар ён даць не можа. Супрацоўнік жа хацеў «вырашыць пытанне на месцы», а не «ездзіць па ДАІ».

 — Ці гэта з-за налепкі «Пагоня» на заднім … — удакладніў Максім.

 — Я не ведаю. Мне трэба ўдакладніць гэтае пытанне, разумееце? — Інспектар ДПС быў настойлівы. — Пытанне можна было цяпер на месцы вырашыць і разбегчыся. Ці вам падабаецца потым па ДАІ хадзіць у свой асабісты час?

Падчас размовы інспектар ДПС Рагін смяяўся, падвышаў голас, паўтараў «Госпадзі!» і «Што вы як дзіця». Ён прапанаваў прыехаць да Саўко дадому або «каб участковы яго прывёз». Максім сказаў, што прыйдзе даваць тлумачэнні па позве.

ДАІ: «Ён жа не пагражаў»

Пазней Максім патэлефанаваў у дзяжурную частку ДАІ і пацікавіўся, што рабіць у такой сітуацыі. «Чакайце, пакуль вас выклічуць, калі зараз вы занятыя», — адказаў яму дзяжурны.

 — А гэта нармальная практыка, што тэлефануюць і, нічога не прад’яўляючы, кажуць, што хочуць прыехаць дадому пагаварыць? Позвы, кажуць, не трэба, навошта? — удакладніў Максім.

 — Ну, ведаеце, бываюць розныя сітуацыі. Ён жа не пагражае.

Зняў налепку, даў тлумачэнні

26 красавіка жонку Максіма на тым жа аўтамабілі спынілі і папрасілі зняць налепку «Пагоня», паколькі налепкі, акрамя знака «70» і «Інвалід», на аўтамабілі забароненыя згодна з ПДР. Жонцы зрабілі вуснае папярэджаньне, распавёў Максім Hrodna.life. Ён адзначыў, што налепка на аўтамабілі ў яго ўжо некалькі месяцаў. З ёй ён прыязджаў у ДАІ і раней — рэакцыі не было.

30 красавіка Максіму патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС і папрасілі прыйсці для дачы паказанняў. Міліцыянт паведаміў, што яму перадалі звесткі аб тым, што 24 красавіка па горадзе рухаўся аўтамабіль «з БЧБ-сімволікай». Максім растлумачыў: на аўтамабілі быў не БЧБ, а «Пагоня» — унесеная ў 2010 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Пасля дачы паказанняў Максіма адпусцілі з папярэджаннем аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Як у Гродне і вобласці аўтамабілістаў пераследуюць за сцяжкі і налепкі

Фатограф-фрылансер Валерый Юдзін заплаціць штраф 15 базавых адзінак (435 рублёў) за БЧБ-сцяжок і налепку з «Пагоняй». Іх размяшчэнне ў машыне палічылі «адзіночным пікетаваннем». Актывіста Мікалая Лемяноўскага за БЧБ-сцяжок у аўтамабілі аштрафавалі на 120 базавых велічынь (3480 рублёў). Справа даходзіла нават да канфіскацыі аўтамабіля.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Гродногаз» і «Гродна Азот». У Гродне створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу: як яна будзе працаваць і чым дапаможа людзям

У Гродне створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу (АДДС) на 16 арганізацый. Яна аб'яднае экстраныя службы і…

13 сакавіка 2025

«Роял парк» на месцы рэзні. У цэнтры Гродна зносяць першы гродзенскі мясакамбінат (фота)

Амаль у цэнтры Гродна пабудуюць новы квартал таўнхаусаў з гучнай назвай "Роял парк". Ён з'явіцца…

13 сакавіка 2025

У Музеі гісторыі рэлігіі ў Гродне адкрылі новыя залы

Новая экспазіцыя прысвечана паўсядзённаму жыццю шляхты ў другой палове XVIII – пачатку ХХ стагоддзя. У…

12 сакавіка 2025

Пару з Гродна судзяць за арганізацыю прастытуцыі

У Гродне працягваецца суд за ўцягванне ў прастытуцыю і злоўжыванне ўладай. Мяркуючы па ўсім, судзяць…

12 сакавіка 2025

«Не хочам, каб хадзіў КДБ». У BY_help расказалі, чаму адмовілі ў падтрымцы былому палітвязню Вадзімаці

Парушыў дамову, разгаласіў звесткі. Заснавальнік BY_help Аляксей Лявончык пералічыў прычыны, па якіх фонд дапамогі рэпрэсаваным…

12 сакавіка 2025

У Гродна зараз — самае бруднае паветра ў Беларусі. У чым прычына?

Паводле дадзеных сайта арганізацыі IQAir 12 сакавіка індэкс якасці паветра ў Гродне складае 112. Такі паказчык…

12 сакавіка 2025