Раніцай 25 красавіка ад імя работнікаў БелАЭС на сайце станцыі з’явілася паведамленне аб тым, што на працягу ўсёй будоўлі на аб’екце адбываліся аварыі і паломкі. Гэта, на іх думку, можа прывесці да трагедыі ў любы момант.
— Дагэтуль сістэмы не настроеныя да канца, гэта выклікае пастаянныя непаладкі абсталявання. Рамонтныя працы адбываюцца ў небяспечных умовах. З-за гэтага рабочыя пастаянна траўміруюцца, маюць месца смяротныя выпадкі, — напісалі ў паведамленні. — <…> Мы молім усю сусветную супольнасць аказаць ціск на рэжым Лукашэнкі і запатрабаваць неадкладнага закрыцця станцыі пры падтрымцы замежных спецыялістаў, каб зрабіць гэта найбольш бяспечна.
Рэакцыя Мінэнерга
Мінэнэрга заявіў, што сайт узламалі, а інфармацыя ў паведамленні - фэйк.
«Сёння сайт БелАЭС быў узламаны невядомымі. Кім менавіта — цяпер высвятляюць спецыялісты. Апублікаваная ў паведамленні інфармацыя з’яўляецца фэйкам. У цяперашні час сайт аднаўляюць, нейкі час ён будзе недаступны», — напісалі ў Telegram-канале Мінэнерга.
Узломы сайтаў і крымінальныя справы
Падобныя сітуацыі ў Гродне ўжо адбываліся. 7 красавіка хтосьці размясціў на сайце прадпрыемства «Гродна Азот» інфармацыю пра стачку і відэа з гендырэктарам Ігарам Ляшэнкам. Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 349 КК «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі». Крымінальная справа паводле таго ж артыкула распачалі, калі 25 сакавіка з рабочай пошты дырэктара гродзенскага прадпрыемства «Малочны мір» Марыны Анікеевай сталі рассылаць нібыта падпісаныя ёю лісты, у якіх, сярод іншага, гаворыцца пра новыя выбары.