Уладальнік “Адметнасці” Сяргей Верамеенка адказаў на скаргу жыхара Віцебскай вобласці, які ўгледзеў у асартыменце крамы “пранацыскую сімволіку”. Адказ Сяргей адправіў ва Упраўленне гандлю і паслугаў Гродзенскага гарвыканкама.

Верамеенка патлумачыў, што “ў краме “Адметнасць” ніколі не прадавалася і не будзе прадавацца якая небудзь прадукцыя датычная нацызму, альбо іншых экстрэмісцкіх антычалавечных ідэалогій”. Акрамя гэтага ён заўпэўніў, што ўсе тавары аформлены належным чынам і маюць усе неабходныя для легальнага продажу дакументы.

Запыт даць тлумачэнні крама сувеніраў “Адметнасць” атрымала 21 красавіка: яго прынес у краму супрацоўнік Упраўлення гандлю гарвыканкама. Нагодай стала скарга на продаж бел-чырвона-белай сімволікі, якую гарадскія ўлады атрымалі ад Аляксандра Кавалёва з вёскі Бігосава Верхнедзвінскага раёна Віцебскай вобласці.

Аляксандр Кавалёў за апошні час напісаў пяць розных скаргаў на бел-чырвона-белую сімволіку, прычым сярод іх ёсць скарга на заўзятара маскоўскага “Спартака”. Шмат зваротаў прысвечаныя сэнсу і паходжанню лозунга “Жыве Беларусь!”.

Крама «Адметнасць» працуе ў цэнтры Гродна з 2018 года. Яна спецыялізуецца на продажы сувеніраў з гістарычнай нацыянальнай беларускай сімволікай, адзення з арнаментам, рэчаў ручной працы.