Дом Мураўёва на Савецкай плошчы амаль 25 гадоў быў то ў стане рэстаўрацыі, то закінуты. Цяпер рэстаўрацыя завершана. Новы гаспадар будынка — бізнесовец Станіслаў Сямашка — рыхтуе яго пад гасцініцу.
«Дом Мураўёва здадзены ў эксплуатацыю», — распавёў Hrodna.life Павел Клімовіч, галоўны інжынер праекта. Заключэнне дзяржбуднагляду (Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам) аб адпаведнасці праекту праектная арганізацыя атрымала 19 красавіка.
«Аб'ект нумар адзін»
Працы ў доме купца Мураўёва на Савецкай плошчы ідуць з пачатку 2020 года. Рэканструкцыяй будынка займалася ТАА «Европрестиж». Яно належыць Станіславу Сямашку, цяперашняму ўладальніку будынка. У былым доме купца Мураўёва, адным з самых вядомых будынкаў Гродна, будзе гасцініца. Адкрыццё планавалася на 2021 год. Пакуль уладальнік не раскрывае дэталяў.
Аб’ект быў вельмі складаны, падзяліўся Павел Клімовіч. Міністэрства культуры прад’яўляла да рэстаўрацыі сур’ёзныя патрабаванні. Было шмат этапаў узгаднення праекта, падчас будаўніцтва вялікая ўвага надавалася захаванню патрабаванняў і методык па рэстаўрацыі. «Знакавы аб’ект, лічыце — нумар адзін: па-першае, у гістарычным цэнтры, па-другое ў цэлым Гродне такіх аб’ектаў няшмат», — лічыць галоўны інжынер праекта.
Як аднавілі дэкор
Унутры гістарычнае аблічча і ляпніну аднавілі толькі ў агульнадаступных холах першага паверха. У астатнім будынку яго ўжо немагчыма было аднавіць, акрамя таго, рэканструкцыя пад гасцініцу меркавала перапланіроўку. «Калі заходзілі на аб’ект, увесь дэкор быў ужо згублены, — патлумачыў Павел Клімовіч. — Усё аднаўлялася па чарцяжах ад былога ўладальніка, гістарычных крыніц». Раней ён удакладняў, што ўнутраная частка будынка была ў аварыйным стане. Траплялася шмат комінаў і нішаў, якія даводзілася перарабляць.
Дызайн-праект унутранага дэкору дадаткова ўзгаднялі ў Міністэрстве культуры. Навуковым кіраўніком праекта была Алена Байнак.
З старых фрэсак захавалася карціна, якую папярэдні ўласнік перадаў на захоўванне ў музей. Яе адрэстаўраваў гродзенскі мастак Уладзімір Качан.
У траўні 2020 года гараджане заўважылі на вежах дома яркі блакітны колер. Тады Павел Клімовіч казаў, што такі колер быў паказаны ў праекце папярэдняга ўласніка ад «Гроднаграмадзянпраект». Цяпер вежкі акаваныя меддзю і выглядаюць больш звыкла. Павел патлумачыў, што блакітны колер быў часовым тэхналагічным рашэннем — грунтоўкай для драўляны частак.
Памянялі сталярку, зрабілі прыбудову
Згодна з праектам, на першым паверсе будзе фае з лесвічным блокам, рэцэпцыя гасцініцы, лобі-бар, фізкультурна-аздараўленчы комплекс. На астатніх трох паверхах — гасцінічныя нумары. Праект прадугледжваў замену сталяркі на драўляную паводле гістарычных памераў і ліфт без машыннага аддзялення, каб не мяняць аб’ём даху. У двары з’явілася прыбудова для злучэння дома Мураўёва і правага флігеля, а таксама для ўладкавання вінтавой лесвіцы выхаду на дах.
Цяпер у памяшканнях размяшчаюць мэблю, вешаюць абсталяванне, кандыцыянеры. Аздабленчыя працы завершаны, устаноўлена сантэхніка.
Гісторыя дома і яго доўгай рэстаўрацыі ў 25 гадоў
Лічыцца, што дом купца Мураўёва быў пабудаваны ў канцы XIX стагоддзя ў стылі мадэрн. Гісторык Мечыслаў Супрон адшукаў у Гродзенскім архіве інфармацыю, што дом быў пабудаваны на фрагментах будынка XVII стагоддзя, і частку падвалаў можна аднесці менавіта да гэтага перыяду. Пра гэта сведчаць муры ў падвале і выкарыстаныя ў іх шматлікія валуны.
У розны час у будынку размяшчаліся жылыя памяшканні, Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка, крама мануфактурных тавараў, пякарня, фабрыка па пашыве адзення.
Дом быў багата ўпрыгожаны звонку і ўнутры: на вежачках былі гербавыя шчыты. У памяшканнях — ляпніна, коміны з кафляй, фрэскі на сценах. Ад моманту пабудовы да нядаўняга часу будынак быў пафарбаваны ў чырвоны колер.
Да пачатку 1990-х дом Мураўёва займала абласная навуковая бібліятэка. З пачатку 1990-х будынак не выкарыстоўваўся, у 1995−96 гадах пад выглядам рэканструкцыі ён фактычна стаўся закінутым і разрабаваным. З 2006 года дом належаў «Беларускму народнаму страхавому пенсійнаму фонду». У 2012 годзе скончылася рэстаўрацыя фасада. Неўзабаве фонд ператварыўся ў ААСТ «Мегаполіс». Шмат гадоў арганізацыя не выконвала свае абавязацельствы па рэканструкцыі. У 2019 годзе будынак перайшоў да цяперашняга ўладальніка.
Чытайце таксама: Ігар Лапеха: «Дом Мураўёва можа стаяць на падмурку Сімяонаўскай царквы»