Апеляцыі, затрыманні, новыя палітвязні. У Гродзенскай вобласці працягваецца пераслед актывістаў

На гэтым тыдні ў Гродзенскай вобласці адбыліся чарговыя судовыя пасяджэнні, якія скончыліся штрафамі, абмежаваннем і пазбаўленнем волі. Пяць асуджаных гродзенцаў прызналі палітзняволенымі. Працягваецца пераслед актывістаў - 8 красавіка затрымалі актывіста Мікіту Лемяноўскага за БЧБ-сцяг у аўтамабілі. Справу «пікетуючага гноміка» спынілі.

5 красавіка. Беларускага краязнаўцу, філатэліста і грамадскага актывіста Лявона Карповіча з мястэчка Лунна аштрафавалі на 30 базавых велічынь (870 рублёў) у Мастоўскім раённым судзе. Адміністрацыйную справу па арт.24.23 КаАП разглядаў суддзя Валерый Цыбульскі, піша «Гарадзенская вясна».

Карповіча 25 сакавіка затрымалі міліцыянты за тое, што на яго доме вісеў бел-чырвона-белы сцяг у гонар Дня Волі. Пры тым быў праведзены агляд і забраныя многія асабістыя рэчы Лявона Карповіча. Самога пенсіянера завезлі ў Мастоўскі РАУС, дзе склалі пратакол нібыта за праведзены пікет, пасля чаго адпусцілі.

6 красавіка. Мастака Алеся Пушкіна, які праходзіць па справе аб рэабілітацыі нацызму (арт.130 ч.3 КК), прызналі палітзняволенным.

7 красавіка. У Навагрудку прайшоў судовы працэс паводле арт. 391 КК «Абраза суддзі або народнага засядацеля». Жыхара Лідскага раёну Уладзіслава Шынковіча прызналі вінаватым у знявазе суддзі Лідскага раённага суда Максіма Філатава і 7 красавіка прыгаварылі да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу, піша «Гарадзенская вясна». 17 студзеня 2021 года Уладзіслаў Шынковіч размясціў у чаце аднаго з Telegram-каналаў допіс у якім даў рэзкую характарыстыку суддзі. Уладзіслаў Шынковіч на судовым пасяджэнні прызнаў сваю віну.

Галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Міколу Канановіча выклікалі ў міліцыю і апытвалі наконт тэкста, размешчанага на сайце ў чэрвені 2020 года. Апытанне працягнецца 12 красавіка. На сайце выдання нібыта знайшлі публікацыю з рэпостам Telegram-канала, які прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім.

7 красавіка праваабаронцы назвалі 15 новых палітвязняў, сярод якіх пяць гродзенцаў. Усе яны асуджаныя за нібыта гвалт над супрацоўнікамі органаў унутраных спраў паводле арт. 364 КК. Чацвёра праходзяць па адной справе, яшчэ аднаго — асудзілі яшчэ ў лістападзе 2020 года.

8 красавіка. У судзе Кастрычніцкага раёна Гродна суддзя Дзмітрый Кедаль за паўдні разгледзеў крымінальную справу паводле арт.369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні службовых абавязкаў» жыхаркі Мінску Дар'і Двайных, піша «Гарадзенская вясна». Дар'і прысудзілі 1 год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу і 500 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпеламу.

30 кастрычніка 2020 года Дар’я Двайных пад фотаздымкам падпалкоўніка міліцыі Вадзіма Палякова з Гродна ў адным з Telegram-каналаў размясціла каментар абразлівага зместу. На судзе Дар’я Двайных прызнала сваю віну часткова. Прызнаючы зневажальны характар напісанай ёй фразы, яна разам з тым сцвярджала, што яна не ведала спачатку, што на фотаздымку службовая асоба. Дар’я Двайных выхоўвае двух непаўналетніх дзяцей і знаходзіцца зараз у адпачынку па даглядзе малодшага дзіцяці.

8 красавіка ў Гродзенскім абласным судзе калегія разглядала адразу дзве апеляцыйныя скаргі палітвязняў - Вітольда Ашурка з Бярозаўкі, які асуджаны на 5 гадоў калоніі, і гродзенца Сяргея Рымшы, які зняволены на тры з паловай гады калоніі. Яны пакінулі рашэнні судоў без зменаў.

8 красавіка позна ўвечары быў затрыманы грамадскі актывіст і прадпрымальнік Мікола Лемяноўскі. Яму патэлефанавалі міліцыянты і паведамілі, што вядзецца адміністрацыйны працэс за «адзіночны пікет». Лемяноўскі сказаў, што скончыць працу і прыедзе ў РАУС. З Ленінскага РАУС Мікола Лемяноўскі не выйшаў, паведамляюць праваабаронцы.

7 красавіка хтосьці размясціў на сайце прадпрыемства «Гродна Азот» інфармацыю пра стачку і відэа з гендырэктарам Ігарам Ляшэнкам. Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч. 2 арт. 349 КК «Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі».

9 красавіка. Справу аб «пікетуючым гноміку» спынілі праз заканчэнне тэрміну даўнасці.

Юрый Яраш з Гродна ў лютым атрымаў позву ў суд з-за гнома на падаконніку. У руцэ ў гнома быў сцяжок з «Пагоняй». Цацку ў акне расцанілі як адзіночны пікет, праведзены без дазволу гарвыканкама.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024

У Гродне з’явіцца музей Льва Бакста? Такую прапанову агучылі ў сінагозе

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…

20 снежня 2024