Пры перасячэнні мяжы праз памежныя пункты Гродзенскай вобласці кіроўцы аўтамабіляў будуць аплочваць збор у адну базавую велічыню (29 рублёў). Такое рашэнне 30 сакавіка прыняў абласны Савет дэпутатаў на выяздным пасяджэнні ў Лідзе, паведамляе прэс-служба Лідскага райвыканкама.
Рашэнне ўвойдзе ў сілу праз месяц і будзе дзейнічаць да 1 студзеня 2023 года. Аплочваць транспартны збор патрабуецца пры выездзе з Беларусі. Пры вяртанні ў краіну плаціць не трэба. Усе сродкі пойдуць на папярэджанне і барацьбу з каранавіруснай інфекцыяй.
Увядзенне збора прадугледжана абноўленым Падатковым кодэксам, які дзейнічае ад 1 студзеня 2021 года. Максімальны памер збора, які могуць увесці абласныя дэпутаты — 87 рублёў (тры базавыя велічыні).
Плаціць збор будуць кіроўцы аўтамабіляў масай да пяці тон. Прыналежнась аўто арганізацыі, індывідуальнаму прадпрымальніку ці фізасобе, а таксама колькасць пасажыраў, на велічыню збора не ўплываюць. Кіроўцы маршрутных таксі, што перасякаюць мяжу, таксама будуць аплочваць збор незалежна ад колькасці пасажыраў.
Збор можна будзе аплаціць перад перасячэннем мяжы ці непасрэдна ў пунктах пропуску. Плацёж прымаецца ў беларускіх рублях па памеры базавай велічыні, якая дзейнічае на момант аплаты. То бок, калі павялічыцца базавая, то павялічыцца адпаведна і збор.
Ад аплаты збора вызваляюцца аўтамабілі, на якіх перасякаюць мяжу асобы, што едуць на пахаванне членаў сям'і і блізкіх сваякоў, суправаджаючыя памерлых, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды І і ІІ групы, а таксама суправаждаючыя іх асобы, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асобы, што выязджаюць на лекаванне ў санаторна-курортныя ўстановы, і некаторыя іншыя.