Навіны

У Гродне адмянілі сустрэчу, прысвечаную Халакосту: у пракуратуры акторам прыгразілі артыкулам за распальванне варажнечы

Запланаваная на 20 сакавіка сустрэча з акторамі гродзенскага драмтэатра, прысвечаная пастаноўцы «Кадзіш», не адбудзецца. Актораў выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі, што ў дачыненні іх могуць узбудзіць крымінальную справу за распальванне варажнечы, а таксама адміністрацыйную за незаконнае масавае мерапрыемства.

Напярэдадні імпрэзы актораў Ігара Уланава, Аляксея Станогу, Паліну Левіну і Аксану Машынкову выклікалі ў гродзенскую пракуратуру. Там іх папярэдзілі, што ў выпадку, калі пастаноўку ўбачаць гледачы, пракуратура не выключае ўзбуджэння супраць актораў крымінальнай справы па арт. 130 (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы). Пра гэта паведамілі ў «Цэнтры гарадскога жыцця», дзе мусіла прайсці імпрэза. Акторы пацвердзілі Hrodna.life гэтую інфармацыю. Таксама казалі аб магчымым узбуджэнні адміністрацыйнай справы паводле арт. 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Прэтэнзіі пракуратуры, па словах арганізатараў, былі такога кшталту:

  • У спектаклі «Кадзіш» асуджаецца фашызм і гаворыцца пра канцлагеры. А менавіта з гэтым частка беларускага грамадства асацыюе цяперашнюю ўладу. Такія параўнанні непажаданыя ў сённяшніх палітычных умовах, нельга прадказаць эмоцыі і рэакцыю гледачоў.
  • У спектаклі «Кадзіш» гаворыцца пра трагічны лёс яўрэяў у часе Другой сусветнай вайны. Праз гэта можна патрапіць пад артыкул 130 Крымінальнага кодэксу аб распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы.

Кадзіш — гэта яўрэйская памінальная малітва, якую прамаўляе сын у памяць пра бацьку. «Кадзіш» — паэма Аляксандра Галіча, прысвечаная польскаму пісьменніку, лекару і педагогу Янушу Корчаку. Ён загінуў разам са сваімі выхаванцамі са школы-інтэрната «Дом сірот» у Варшаве ў лагеры смерці Трэблінка.

«Як жа мы будзем святкаваць 9 траўня?»

«Менавіта „Кадзіш“ цяпер непажаданы, прэтэнзіі менавіта да яго. Да гэтага былі сустрэчы з акторамі», — расказала Hrodna.life рэжысёрка «Кадзіш» Аксана Машынкова.

20 сакавіка мусіла быць сустрэча з гледачамі на тэму Халакоста, тлумачыць Аксана. «Мы планавалі гаварыць пра Вялікую айчынную вайну, гібель на ёй дзяцей, пра геніяльнага чалавека, які браў удзел у вайне, яго самааданасць».

Аксана Машынкова (справа). Фота: drama.grodno.by

Гэты твор актуальны ў любы час, лічыць Аксана Машынкова. Гісторыя пра Януша Корчака і яго подзвіг, што ляжыць у аснове спектакля, рэальная. «Халакост — глыбокая тэма, якая адносіцца наўпрост да Вялікай айчыннай вайны. Як жа мы будзем святкаваць 9 траўня? Мне незразумелае рашэнне, чаму гэта нельга граць, здаецца, гэта абстрактнае абвінавачванне».

Тэма мусіць быць актуальнай тым больш для Гродна, дзе была вынішчана вялікая колькасць яўрэяў, лічыць Аксана.

Акторы ў разгубленасці

Ігар Уланаў, які мусіў удзельнічаць у імпрэзе, таксама ў разгубленасці. «Я яшчэ раз пераканаўся, што значыць, твор вельмі правільны, дакладны, слушны», — расказаў Ігар Hrodna.life.

Спектакль «Кадзіш» паводле твораў Аляксандра Галіча і Рабіндраната Тагора паставілі ў драмтэатры ў 2013 годзе. Яго паказвалі нячаста. У ім Аксана грала ўдвох з мужам, Ігарам Уланавым. «Для мяне дзіўна, чаму вось тут можна граць, а там — нельга. Я люблю свой народ, сваю краіну. Калі мы кажам пра адзіны шлях, як я магу як акторка дзяліць свайго гледача? Хто вызначае пляцоўку?». Працай у тэатры Аксана даражыць, кажа, што працуе для гледача.

Аксана Машынкова і Ігар Уланаў у спектаклі «Кадзіш». Фота: Facebook Аксаны Машынковай

Яна размаўляе ўсхвалявана. Прапанова адмяніць сустрэчу была нечаканасцю. Аксана тлумачыць, што яшчэ не перажыла гэтыя эмоцыі. «Мы так стараліся, так рыхтаваліся. Я была перакананая, што гэты твор бачылі ў горадзе, што ўсім вядомы сюжэт».

«Я прабачаюся перад гледачамі, якія не змогуць прыйсці і задаць нам пытанні», — кажа яна. Ці будуць акторы спрабаваць сустрэцца з гледачамі яшчэ, Аксана адказаць не пакуль не можа.

«Калі глядач сыходзіць са сваімі думкамі, уражаннямі - я размаўляю з ім праз мастацкі твор, — тлумачыць Аксана Машынкова. — Калі я як акторка не магу казаць з дапамогай мастацкага слова, то мне наогул не зразумела, пра што я магу з ім размаўляць. Ці магу я, ці мне можна? Маё мастацкае слова абмяжоўваюць, і я чамусьці ператвараюся ў злачынцу. Можа варта выкласці рэестр, пра што можна размаўляць, пра што не?».

Ігара Уланава звольнілі з тэатра ў верасні 2020 года адным з першых. Прычынай стала тое, што ён спыніў спектакль на знак салідарнасці з калегамі, затрыманымі на акцыі пратэсту. Аляксей Станога і Паліна Левіна ў кастрычніку 2020 года падтрымалі нацыянальную забастоўку і пазбавіліся працы ў Гродзенскім драмтэатры. Агулам працу ў Гродзенскім драмтэатры праз грамадзянскую пазіцыю пасля выбараў страцілі каля 20 актораў і супрацоўнікаў тэатра, сярод якіх былі і галоўны рэжысёр тэатра Генадзь Мушперт, і рэжысёр-пастаноўшчык Сяргей Курыленка.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі рок-гурт 8.sonca рыхтуе да выхаду трэці альбом

Гродзенскі рок-гурт 8.sonca запісаў трэці музычны альбом. Музыкі прысвяцілі яго каханню і ўнутраным перажыванням. Рэліз…

22 студзеня 2025

Гродзенскаму доміку для катоў патрабуецца мэбля: пакуль клеткі з жывёламі даводзіцца ставіць на падлогу

Валанцёры грамадскай арганізацыі "Адданае сэрца" просяць гродзенцаў дапамагчы з мэбляй. У домік для катоў, які…

22 студзеня 2025

У Гродне дзяўчына купіла клубніцы ў шакаладзе, а атрымала — у цвілі

Гродзенка купіла клубніцы ў шакаладзе ад кавярні MyLoverBerry і вырашыла пакаштаваць яе на відэа. Дзяўчыну…

21 студзеня 2025

Дыскрымінацыя жанчын? Вядучай «Марафону адзінства» ў Гродне заплацілі менш, чым вядучаму

Вядучая "Марафону адзінства" Анастасія Кісель, студэнт года і дэлегат Усебеларускага народнага сходу, павінна была атрымаць…

21 студзеня 2025

У Ваўкавыску судзяць 16-гадовага студэнта. Ён сарваў сцяг

Жыхара Ваўкавыска Леаніда Трафімовіча пачалі судзіць 21 студзеня. Працэс па арт. 370 КК "Здзек з…

21 студзеня 2025

У Гродзенскай вобласці за год «экстрэмісцкімі» прызналі 140 рэсурсаў: тэмпы выраслі ўдвая

Суды разгледзелі і задаволілі ў 2024 годзе 140 заяў ад пракуратуры Гродзенскай вобласці аб прызнанні…

21 студзеня 2025