У Гродзенскім абласным драматычным тэатры звольнены Ігар Уланаў - адзін з ключавых акцёраў, які задзейнічаны ў большасці спектакляў. Усе квіткі на спектаклі да канца тыдня ўжо былі раскуплены, але зараз спектаклі адменены на нявызначаны тэрмін.

Раней Ігар Уланаў, вядучы майстар сцэны, адмовіўся падпісаць тлумачальную запіску з нагоды спыненага 20 верасня спектакля. Цяпер усе спектаклі адмененыя. Таксама не будзе рэпетыцый.

Іншых акцёраў, якія адмовіліся падпісваць тлумачэнні, пазбавілі прэміі на тры месяцы. Васіля Мініча і Натальлю Лявонаву пазбавілі прэмій і ўсіх даплат, ім вынесены вымовы.

Рэпрэсіям падверглі артыстаў, якія гралі ў спектаклі «Вельмі простая гісторыя» ў мінулую нядзелю, 20 верасня. Спектакль быў спынены, калі акторы даведаліся пра затрыманне на акцыі іх калегі, Сяргея Курыленкі. Акцёраў прымусілі пісаць тлумачальныя запіскі. 22 верасня для размовы з трупай у тэатр прыязджаў кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік.

Усе квіткі раскуплены, але спектакляў не будзе

Усе квіткі на паказы ў пятніцу і суботу ўжо раскуплены.

«Сёння „Фарэнгейт“ прададзены, заўтра „Шынель“, глядач едзе нават з Мінска. Уланаў у буйных ролях у абодвух спектаклях, заўтра ў галоўнай ролі Курыленка. Мы хацелі, каб ён выйшаў на паклоне і падзякаваў людзям за падтрымку», — напісала Hrodna.life адна з актрыс тэатра.

«У Мушперта [галоўнага рэжысёра тэатра — рэд.] дырэктар запатрабаваў прадумаць уводы на будучыню замест Уланава, Мушперт адмовіўся. Нас адпраўляюць у прастой, акрамя рэпетыцый спектакля «Адзіны спадчыннік».

Чытайце таксама: «В театре очень тяжелая атмосфера». В Гродно атриса отказалась играть комедии, пока на улице бьют людей

З сённяшняга дня драматычны тэатар пераводзяць у рэжым рэпэтыцый, нягледзячы на раскупленыя квіткі, ён стане недаступны гледачам. Паводле афіцыйнай версіі - «у адпаведнасці з рэкамендацыямі па прафілактыцы каронавіруснай інфекцыі, распрацаванымі Міністэрствам аховы здароўя РБ».

Hrodna.life не змог датэлефанавацца ні да дырэктара тэатра Ігара Гедзіча, ні да звольненага акцёра.

Журналістка Hrodna.life