Гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу ў судзе Лідскага раёна асудзілі на штраф 50 базавых адзінак (1450 рублёў). На думку суддзі Вольгі Кавалёвай, Грыгенча парушыў ч. 3 арт. 23. 34 КаАП, бо «знаходзіўся сярод групы грамадзян, якія скандуюць лозунгі».

Ежы Грыгенча 18 студзеня 2021 года з 11.27 да 11.29 прыняў удзел у пікетаванні ў будынку суда Лідскага раёна, сказана ў пастанове суда ад 4 сакавіка.

Адміністрацыйную справу завялі пасля вынясення прысуду актывісту з Бярозаўкі Вітольду Ашурку ў судзе Лідскага раёна 18 студзеня. Тады падтрымаць Ашурка сабраліся каля 50 чалавек. Прысуд — пяць гадоў калоніі - сустрэлі крыкамі «Ганьба!».

Ежы не прызнаў віну. Па словах актывіста, ён пікет не праводзіў, лозунгаў не выкрыкваў. Суддзя вырашыла, што віну Грыгенчы даказвае відэа з суда і паказанні сведкі-міліцыянта. «<…> пасля абвяшчэння прысуду не пакінуў залу судовых пасяджэнняў, а знаходзіўся сярод групы грамадзян, якія скандуюць лозунгі». Гэтым, на думку суда, Ежы парушыў ч. 3 арт. 23.34 КаАП — Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў (з 1 сакавіка 2021 года — ст. 24.23 КаАП — Hrodna.life).

Сам Ежы на суд не з’явіўся — пастанова суда яму прыйшло поштай 12 сакавіка. Раней, калі ён 10 лютага прыехаў у Ліду па позве, яго затрымалі на 72 гадзіны да суда, але судзіць не сталі. Па тым жа падзеям на 50 базавых велічыняў аштрафавалі журналіста Юрыя Дзяшука. Разам з журналістам па гэтай справе праходзяць яшчэ каля 10 чалавек, якія прысутнічалі на судзе над Вітольдам Ашуркам.