У лютым у Гродзенскай вобласці, як і па ўсёй Беларусі, прыкметна выраслі цэны на некаторыя прадукты, тавары і паслугі. Пры гэтым на адну хатнюю гаспадарку ў вобласці ў 2020 годзе прыпадала па 1387,9 рубля наяўных рэсурсаў на месяц. Белстат апублікаваў індэкс спажывецкіх цэнаў за мінулы месяц, а карэспандэнтка Hrodna.life вывучыла, што падаражэла больш за ўсё.

У сярэднім цэны на прадукты ў Гродзенскай вобласці ў лютым 2021 года выраслі на 1,9% адносна студзеня 2021, і на 7,8% у параўнанні з лютым 2020 года. На нехарчовыя тавары цэны ў лютым выраслі на 0,6% за месяц і на 8,6% за год. Цэны на паслугі падняліся на 3,6% адносна студзеня 2021, і 9,2% склаў рост з лютага 2020.

Больш за ўсё ў лютым (адносна студзеня 2021) у вобласці падаражэлі свежыя агуркі - на 24% (у сярэднім па Беларусі - на 21,6%). На другім месцы бананы — 22,6% (па Беларусі - 20,9%) і памідоры — 11,3% (па Беларусі - 4,6%). Бульба ў Гродзенскай вобласці падаражэла на 8,9%, салодкі перац — на 8,8%, буракі і грушы выраслі ў цане аднолькава — на 6,9%, морква — на 6,6%.

Раслінны алей (без аліўкавага) падаражэў на 7,5%, маргарын — на 6,8%, мёд — на 4,8%. Прасяныя крупы падаражэлі на 6%, манныя — на 5,7%, грэчка — на 4,8%. Салёная і вэнджаная далікатэсная рыба падаражэла на 4,7%, сыравэнджаная каўбаса — на 4,1%, куры — на 3,7%. Печыва падаражэла на 4,6%.

На 5% падаражэлі соль, зубная паста і сродкі для лячэння нярвовай сістэмы.

Ювелірныя вырабы ў Гродзенскай вобласці падаражэлі на 13,3% (у цэлым па Беларусі - на 7,3%). Лекі - на 5,25% (па Беларусі - на 5,4%). Больш за ўсё выраслі цэны на анціінфекцыйныя сродкі (на 6,5%), сродкі для лячэння дыхальнай сістэмы (5,7%) і сардэчна-сасудзістыя сродкі (5,6%).

На 14,8% у Гродзенскай вобласці за месяц падаражэў прыродны газ (газазабеспячэнне — на 13,3%), на 13,6% - абыходжанне з камунальнымі адходамі. Тэхнічнае абслугоўванне жылых памяшканняў стала даражэй на 11,4%, халоднае водазабеспячэнне — на 11,3%, каналізацыя — на 11%. Агулам цана на жыллёва-камунальныя паслугі за месяц вырасла на 9,1%.

Цэны на паслугі дашкольных устаноў Гродзенскай вобласці выраслі на 10,9%. Карыстанне жылым памяшканнем камерцыйнага выкарыстання дзяржаўнага жыллёвага фонду за месяц падаражэла на 7,4% - ва ўсіх абласцях і ў Мінску аднолькава.

«Павышаны рост цэн абумоўлены захаваннем неспрыяльнага ўплыву падаражэння імпартаваных тавараў, а таксама адмены падатковых ільгот», — тлумачаць у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

З пачтаку лютага 2021 года выраслі цэны на некаторыя прадукты, лекі і рэактывы, медыцынскія вырабы, некаторыя дзіцячыя тавары. Гандль абнавіў цэны з улікам павышэння ПДВ на гэтыя катэгорыі тавараў з 1 студзеня 2021 года. У студзені таксама павысілі камунальныя плацяжы.

Найбольшы рост цэнаў за апошнія пяць гадоў

Агульны рост цэнаў у Беларусі ў параўнанні з лютым мінулага года склаў 7,8% на прадукты, 9,4% - на нехарчовыя тавары, і 9,2% - на паслугі. Гэта адпаведна на 0,5, 0,8 і 0,7% больш, чым рост за год у Гродзенскай вобласці.

Прырост спажывецкіх цэнаў у лютым 2021 адносна лютага 2020 склаў 8,7% (у студзені 2021 да студзеня 2020 — 7,7%) і 7,2% на сацыяльна значныя тавары, месячны (адносна студзеня 2021) — 1,9%. Гэта самы вялікі рост за апошнія пяць гадоў. Больш інфляцыя за год у лютым была толькі ў 2016 годзе — 2,9%. Інфляцыя па выніках 2016 года склала 10,6%.

Колькі грошай у жыхароў Гродзенскай вобласці

У 2020 годзе на адну хатнюю гаспадарку (людзей, якія жывуць разам, і вядуць агульную гаспадарку) у Гродзенскай вобласці прыпадала ў сярэднім 1387,9 рубля наяўных рэсурсаў у месяц, паведамляе Белстат.

Наяўныя рэсурсы — грашовыя сродкі хатніх гаспадарак, кошт спажытых прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай гаспадарцы, за мінусам матэрыяльных затрат на іх вытворчасць і кошт атрыманых у натуральнай форме льгот і выплат (Белстат).

Штомесячныя расходы склалі 1321,1 рубля, з якіх 977,6 рубля (74%) прыпадае на аплату пакупак і паслуг. З іх на ежу сыходзіла 39,2%, на нехарчовыя тавары — 34,1%, на аплату паслуг — 24,3%.