Арнітолагі запрашаюць дарослых і дзетак далучыцца да назіранняў за вясновай міграцыяй птушак. Міжнародная акцыя «Жывая вясна» дазваляе ў рэжыме анлайн адсочваць іх пералёты па Еўропе. Прыняць удзел у складанні інтэрактыўнай карты можа любы жадаючы. Такія назіранні даюць магчымасць не толькі вывучаць птушак, але і ствараць на іх шляху запаведнікі.
Убачыць, як птушкі перамяшчаюцца па Еўропе, можна на сайце міжнароднага праекту «Жывая вясна». Карту пералётаў складаюць назіральнікі з розных краін. У гэтым годзе адсочваюць сем відаў, іх абралі вестунамі вясны, паведамляе грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Карта міграцыі дазваляе сачыць анлайн за кожным з відаў па краінах Еўропы. Напрыклад, белага бусла ўжо бачылі на поўдні Польшчы і недалёка ад Вільнюса ў Літве. Буслы ляцяць да нас з Паўднёвай Афрыкі. Наколькі хутка яны будуць у Беларусі, залежыць ад надвор’я. Гэтым птушкам лягчэй ляцець, калі сонечна. Над зямлёй тады ўтвараюцца ўзыходзячыя патокі паветра, якія даюць буслам магчымасць лунаць, распавёў Hrodna.life арнітолаг Дзмітрый Вінчэўскі.
«Жывая вясна» — міжнародная кампанія глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International. Яе мэта — прыцягнуць увагу дзяцей і дарослых да назірання за птушкамі і іх аховы. У праекце вітаецца ўдзел сем’яў і настаўнікаў з вучнямі. Акцыя праходзіць з 2006 года. У мінулым годзе ўдзельнікі даслалі больш за тысячу назіранняў з 59 стран Еўропы, Цэнтральнай Афрыкі і Азіі.
Калі вы ўпершыню ўбачылі нейкую з птушак «Жывой вясны», трэба адзначыць гэты факт на сайце кампаніі праз форму «Дадаць назіранне». Таксама можна засведчыць аб гэтым у групах праекта ў Facebook ці Вконтакте. Дадзеныя адлюстроўваюцца на карце. У меню справа можна выбраць краіну і паглядзець агульную колькасць назіранняў у кожнай вобласці.
Птушкі «Жывой вясны» будуць вяртацца ў Беларусь амаль два месяцы. У сакавіку прылятаюць белыя буслы і вялікія зуйкі, у першай палове красавіка — вясковыя ластаўкі і зязюлі, у канцы красавіка і пачатку траўня — ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, а ў канцы траўня — шчуркі-пчалаедкі.
На Гродзеншчыну пералётныя птушкі пачалі вяртацца ў другой палове лютага, распавёў Дзмітрый Вінчэўскі. Гэта прыкладна на тры тыдні пазней, чым у мінулым годзе. У Гродне ўжо бачылі шпакоў і палявых жаўрукоў. У вобласці заўважылі шэрую гусь, вялікую белую чаплю, шэрага жураўля, кнігаўку ды некоторых іншых. Праз халоднае надвор’е міграцыя будзе больш расцягнутая ў часе. Але ўмовы для яе спрыяльныя, бо няма засухі.
Даведацца, якія птушкі ўжо вярнуліся з зімоўкі ў вашу мясцовасць, можна на сайце «Птушкі штодня». Беларускія арнітолагі фіксуюць гэтыя дадзеныя ў агульнай табліцы. Да назіранняў таксама могуць далучыцца ўсе жадаючыя. Каб адправіць свае звесткі, трэба зарэгістравацца і дадаць на старонцы з табліцай каментарый і фота.
Назіранні за птушкамі важна весці не толькі для вывучэння, але і для іх аховы, тлумачыць Дзмітрый Вінчэўскі. Напрыклад, дзякуючы такой працы ўдалося высветліць, што у раёне балота Грайна і поймы Свіслачы ў Гродзенскай вобласці многія віды робяць перапынак падчас міграцыі. Гэта дазволіла арнітолагам абаснаваць неабходнасць існавання на гэтай тэрыторыі заказніка.
Чытайце таксама:
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…