У Гродне на Кірава, 3 зноў адкрылася кавярня AvaCava. Месца захавалася, але ўладальнік памяняўся. Пакуль установа працуе ў тэставым рэжыме, але там ужо можна выпіць кавы з Эфіопіі ў кампаніі акулы Фрэнка, паслухаць жывую музыку ці паглядзець футбол. Новы гаспадар вырашыў працягваць канцэпцыю кафэ і развіваць арт-прастору, плануе выставы і тэматычныя вечары.

“Мне падабалася гэтае месца. Выпадкова даведаўся, што ў Ягора, былога ўладальніка, засталіся інтэр’ерныя рэчы”, – распавёў Hrodna.life Андрэй Андрэеў, новы гаспадар AvaCava. Ён вырашыў працягнуць канцэпцыю кафэ як арт-пляцоўкі, захаваць назву. Ранейшы ўладальнік быў не супраць.

“У нас гэтага не хапае. Столькі творчых людзей у горадзе, якім хочацца недзе збірацца, выстаўляць свае работы”.

У Андрэя Андрэева ​​гэта не першы бізнес. У агульнахарч ён пайшоў па слядах бацькі. Апошнім іх сумесным праектам быў бар “Таварыш” у савецкім стылі ў Каробчыцах. Ён зачыніўся летам 2020, калі Андрэй быў у ад’ездзе.

Ідэя ўладальніка – стварыць на базе кавярні месца, дзе творчыя гродзенцы маглі б выстаўляць свае карціны, фатаграфіі. У планах – кінапаказы, тэматычныя моўныя сустрэчы, тэатральныя, літаратурныя вечары, вечары класічнай музыкі, можа быць нават невялікі баль. “Будзе шмат жадаючых – пойдзем у замак памяшканне здымаць”, – смяецца Андрэй.

Цяпер ён шукае арганізатараў мерапрыемстваў. Ужо з наступнага тыдня з’явяцца настольныя гульні ад суседняй крамы-клуба “Кубік”, у планах – гульнятэкі. Уладальнік таксама плануе праводзіць дэгустацыі кавы для каваманаў і чайныя цырымоніі – ён нейкі час жыў у Кітаі, здымаўся там у кіно і серыялах. З адкрыцця правялі ўжо больш за пяць выступленняў гродзенскіх музыкаў з электроннай і акустычнай музыкай.

“Мы адкрытыя для прапаноў”, – кажа Андрэй.

Уладальнік паспеў пасябраваць з футбольнымі фанатамі: у кафэ ўжо глядзелі футбол, вышэйшую лігу, на вялікім экране. Трансляцыі матчаў будуць глядзець і далей.

У Гродне на старым месцы адкрылася кавярня AvaCava. Паглядзелі, што там новага
Сцяг падарылі гродзенскія заўзятары “Баварыі”. Фота: Надзея Вішнеўская
кавярня кофейня AvaCava АваКава
Заўсёднік – акула Френк. Ён захапляецца футболам і сучасным мастацтвам, любіць вечарынкі, шумныя кампаніі і сумесныя сэлфі, – распавялі ў кафэ. Праўда, сам – маўклівы. Фота: Надзея Вішнеўская

Акрамя вялікай залы ў кафэ ёсць віп-зала з экранам. Там плануюць праводзіць камерныя мерапрыемствы. Малую залу можна арандаваць на некалькі гадзін. Дамаўляцца варта загадзя.

Андрэй перакананы, што тое, як каву вараць – вельмі важна, таму шукаў барЫсту па рэкамендацыях. Установа яшчэ ў пошуках ідэальнага кававага зерня. На наступным тыдні там будуць варыць каву ад Everyday Coffee (Мінск). З’явіцца Бразілія Маджыана (Brazil Mogiana) і Эфіопія Сідама (Ethiopia Sidamo).

кавярня кофейня AvaCava АваКава
У кафэ збіраюцца праводзіць дэгустацыі кавы для каваманаў. Фота: AvaCava
кавярня кофейня AvaCava АваКава
Дэсерты – класічныя. Фота: Надзея Вішнеўская

Цэны на каву – сярэднегарадскія. Эспрэса каштуе 2,5 рубля, капучына можна выпіць за 3,2 рубля, 350 мл латэ абыйдзецца ў 4 рублі. У меню ёсць латэ Oreo з печывам, раф з папкорнам, халвічны раф.

З дэсертаў можна замовіць чызкейк, нектарнік, шакаладны торт, тырамісу, падаюць марозіва з Oreo. Абавязкова будзе нешта для дзяцей. Зараз дэсерты прывозяць з Мінска і шукаюць кандытара ў Гродне. “Людзі ідуць туды, дзе можна смачна паесці”, – лічыць уладальнік.

Кавярня AvaCava адкрылася летам 2019 года. На сценах віселі карціны гродзенскіх мастакоў, у кафэ праходзілі выставы, перфомансы. Праблемы прынесла пандэмія: наведвальнікаў стала менш, у пачатку красавіка ўстанова зачынілася. У кавярні адзначалі, што рашэнне было не спантанным: месца апынулася не вельмі добрым для кафэ, памяшканне занадта вялікім, ды і канкурэнтаў было занадта шмат. Амаль два месяцы памяшканне займаў бар Marshal Pub, які пераехаў сюды з ГЦ «Kazzarma Mall». У канцы снежня бар зачыніўся.

У студзені шыльда AvaCava вярнулася на сваё месца.

Зараз кафэ адкрыта з 14:00 да 23:00 па буднях і ў нядзелю і з 14:00 да 2:00 у пятніцу і суботу. Магчыма, у цёплы сезон час працы павялічыцца.

кавярня кофейня AvaCava АваКава
Андрэй Андрэеў. Фота: Надзея Вішнеўская

“Чакаем турыстаў, спадзяемся на лепшае, што пандэмія скончыцца. Кавярня – гэта ў першую чаргу душэўнае ўкладанне. Важна, каб людзі ў такі час, як цяпер, маглі адпачыць, пераключыцца”, – лічыць Андрэй.

Чытайце таксама: