Кавярні ў Гродне адкрываюцца практычна штотыдзень. Таму ўладальнікі шукаюць новыя фарматы работы і арыгінальныя паслугі. Журналіст Hrodna.life 18 снежня першым даведаўся, што рыхтуе для гарадзенцаў новы Coffe Shop, які хутка адкрыецца на Горкага.

Coffe Shop сумясціць краму і кавярню. Тут будуць прадавацца больш за 50 гатункаў кавы. Каву можна будзе ўзяць на вынас і замовіць любімы напой на месцы. Для гэтага ёсць невялікі столік з крэсламі. Таксама можна будзе пасядзець ля барнай стойкі. Акрамя кавы і выпечкі тут можна будзе купіць ці ўзяць у арэнду абсталяванне.

Новая кавярня-крама размешчана па адрасе вул. Горкага, 25 і будзе працаваць ад 8 раніцы. Па словах гаспадыні, гэта павінна стаць зручнай фішкай для гараджан — большасць кавярняў адкрываецца пазней. «Калі мы будзем бачыць, што ранні рэжым працы запатрабаваны, перанясемся адкрыццё на яшчэ больш раннія гадзіны, напрыклад, на 7 раніцы. Гэта будзе зручна тым, хто перад працай любіць выпіць кубачак якаснай кавы».

На думку Ганны, лакацыя павінна будзе гэтаму спрыяць. Да кавярні можна пад’ехаць і запарковать машыну. У цёплы час на вуліцы з’явяцца столікі і альтанка.

Цэны на каву абяцаюць даступныя: эспрэса — 1,5 рублі, раф, латэ і капучына — па 2,5 рублі.

Плануюць у новай краме і ўласную выпечку. Што менавіта там будуць выпякаць, уладальнікі ўстановы трымаюць у таямніцы, але абяцаюць парадаваць гараджан чымсьці незвычайным, чаго яшчэ не робяць у нашым горадзе.

50 гатункаў кавы, уласная выпечка і навучанне. У Гродне адкрываецца новая крама кавы

Яшчэ адзін напрамак працы новай ўстановы — навучанне барыста. «Цяпер адкрываецца шмат устаноў і новых супрацоўнікаў возяць вучыцца ў Мінск, але ў Гродне таксама ёсць людзі, якія насамрэч разумеюць у гэтым і могуць навучыць іншых».

Дакладную дату адкрыцця пакуль не паведамляюць. Па словах уладальнікаў, гэта адбудзецца дастаткова хутка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life